лейтэнанта Уолтэрса. Я цяпер, ведаеце, канчаткова ўступіў ва ўладанне сваёй маёмасцю, і… і я не ведаю, што мне з ёй рабіць. Калі-б я мог быць карысным у сэнсе грашовай дапамогі, я сышоў-бы ў маўклівую магілу спакойна і бесклапотна.
Містэр Тутс больш нічога не сказаў і, паціхеньку вышмыгнуўшы за дзверы, зачыніў іх за сабою, каб папярэдзіць пярэчанні капітана.
У наступны дзень містэр Тутс не прышоў, і не прыходзіў на працягу нёкалькіх дзён; тым часам Фларэнс, нібы ціхая птушка ў клетцы, жыла ў мансардзе дома старога інструментальнага майстра, і ніхто больш не турбаваў яе.
За апошні час Фларэнс зрабілася кволай і хваравітай, і перажытае ёю ўзрушэнне не магло не зрабіць уплыву на яе здароўе. Але не ад фізічнай хваробы яна цяпер пакутвала. Яна сумавала, а вінавайцам гэтага быў Уолтэр.
Ён клапаціўся і непакоіўся аб ёй, быў горды і шчаслівы магчымасцю ёй дагадзіць і выяўляў гэта з уласцівым яму энтузіязмам і гарачлівасцю, але Фларэнс бачыла, што ён яе цураецца. На працягу цэлага дня ён рэдка набліжаўся да дзвярэй яе пакоя. Калі яна клікала яго да сябе, ён прыходзіў і на секунду зноў рабіўся такім самым вясёлым і ажыўленым, якім запамятаўся ён ёй, калі яна ў дзяцінстве заблудзілася на шумных вуліцах, але пасля яго пачынала апаноўваць збянтэжанасць і пачуццё няёмкасці — яе зыркі закаханы позірк не мог гэтага не заўважыць, — і ён спяшаўся выйсці.
Фларэнс здавалася, што дабрак капітан — яе нязменны пяшчотны і старанны сябра — таксама бачыць гэта і сумуе. Ён быў не такім радасным і бадзёрым, як першы час, і па вечарах, калі яны сядзелі ўсе разам, ён смутна пазіраў цішком то на яе, то на Уолтэра.
Нарэшце, Фларэнс вырашыла пагаварыць з Уолтэрам. Ёй здавадася, што яна ведае цяпер прычыну яго адчужэння, і яна спадзявалася адчуць палёгку і супакоіць яго, сказаўшы яму, што ёй усё вядома, яна з гэтым зусім пагадзілася і не дакарае яго.
Фларэнс гэта вырашыла ў нядзелю ўдзень. Адданы капітан у надзвычай прыгожым каўнерыку сядзеў каля яе і, надзеўшы акуляры, чытаў кнігу, калі яна запыталася ў яго, дзе Уолтэр.
— Напэўна, унізе, мая маленькая лэдзі, — адказаў капітан.
— Я хацела-б пагаварыць з ім, — сказала Фларэнс, таропка ўстаючы і збіраючыся ісці ўніз.
— Я яго зараз-жа прышлю сюды, красуня, — сказаў капітан.
Сказаўшы гэта, капітан спрытна ўзваліў на плячо сваю кнігу — ён лічыў сваім абавязкам чытаць па нядзелях толькі надта вялізныя кнігі, бо ў іх больш салідны выгляд — і вышаў. Неўзабаве з'явіўся Уолтэр.
— Капітан Катль сказаў мне, міс Домбі… — горача пачаў ён уваходзячы, але, убачыўшы яе твар, запнуўся.