Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/493

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

калі-б ён сам не мог гэта зрабіць, і паведаміў-бы: «такога та чысла памёр у маім доме» або «у мяне на руках», або яшчэ што-небудзь накшталт гэтага: «містэр Саламон Джылс з Лондана, які прасіў перадаць вам сваё апошняе прывітанне і апошнія свае пажаданні».

На капітана, які да гэтага часу ніколі яшчэ не дасягаў такіх вышынь рабіць вывад, утварыла велізарнае ўражанне шырокая перспектыва, што адкрылася перад ім, і ён адказаў, глыбокадумна ківаючы галавой:

— Добра сказана, мой хлопчык, добра сказана!

— Вось аб чым я думаў, або, правільней, шмат аб чым я думаў, — чырванеючы, сказаў Уолтэр, — у гэту бяссонную ноч, і я цвёрда веру, капітан Катль, што мой дзядзя Соль жыве і вернецца да нас. Але чаму дзядзя не напісаў вам, хоць ён бясспрэчна збіраўся гэта зрабіць, або як ён мог памерці, а вы аб гэтым не даведаліся ад каго-небудзь іншага, — я зусім не разумею!

Капітан Катль, ківаючы галавой, заўважыў, што нават Джэк Бансбі гэтага не разумеў, а ён таксама мог выказаць добра аснашчоную думку.

— Каб мой дзядзя быў лёгкадумным юнаком, якога вясёлая кампанія захацела-б завабіць у якую-небудзь карчму, каб там расправіцца з ім і заўладаць грашыма, што былі пры ім, — сказаў Уолтэр, — або каб ён быў гуллівым матросам, які сышоў на бераг і мае ў кішэні пенсію за два-тры месяцы, я-б мог падумаць, што ён знік бясследна. Але я не магу гэтаму паверыць, ведаючы, які ён быў… і які ён ёсць, спадзяюся.

— Уольр, мой хлопчык, як-жа гэта вы ў такім выпадку тлумачыце? — запытаўся капітан, пазіраючы на яго пільна і будучы ў задуменні.

— Капітан Катль, — адказаў Уолтэр, — я не ведаю, чым гэта вытлумачыць. Напэўна, ён ні разу і не напісаў. Гэта-ж бясспрэчна?

— Калі-б Соль Джылс што-небудзь напісаў, мой хлопчык, то дзе-ж яго пасланне? — запытаўся капітан, прыводзячы грунтоўны довад.

— Скажам, ён даручыў яго каму-небудзь, — сказаў Уолтэр, — а той забыўся пра пісьмо, або выкінуў яго па неахайнасці, або згубіў. Нават такая здагадка здаецца мне больш правільнай, чым тое — другое — меркаванне. Карацей кажучы, капітан Катль, я не магу думаць пра другое меркаванне, не магу і не хачу гэтага.

— Гэта, ведаеце, надзея, Уольр, — глыбокадумна заўважыў капітан, — надзея! Гэта яна вас натхняе.

— Яшчэ адно слова пра дзядзю, капітан Катль. Я думаю, не можа быць, каб ён паслаў пісьмо звычайным чынам — праз паштовую кантору або з паштовым параходам. Разумееце?

489