Вялікую гордасць адчуваў капітан Катль, калі падаў руку Фларэнс і прайшоў разам з ёю якіх-небудзь дзвесце або трыста ярдаў, увесь час зорка паглядаючы вакол і прыцягваючы ўвагу прахожых сваёй надзвычайнай пільнасцю і шматлікімі перасцярогамі. Прышоўшы ў краму, капітан з далікатнасці палічыў неабходным выйсці на некаторы час, бо Фларэнс хацела купіць туалетныя рэчы; але папярэдне ён паставіў на прылавак сваю бляшаную чайніцу і, сказаўшы маладой лэдзі, якая служыла ў краме, што ў чайніцы ёсць чатырнаццаць фунтаў і два шылінгі, папрасіў яе, у выпадку, калі гэтай сумы не хопіць на пакрыццё выдаткаў па абмундзіраванню яго пляменніцы — пры слове «пляменніца» ён многазначна зірнуў на Фларэнс, суправаджаючы позірк пантамімай поўнай хітрасці і таямніцы, — папрасіў яе гукнуць яго, і ён заплаціць рэштку са сваёй кішэні.
— Дарагі капітан Катль, — сказала Фларэнс, вышаўшы з крамы са скруткам, памеры якога вельмі засмуцілі капітана, які спадзяваўся ўбачыць насільшчыка, што павінен ісці за ёю з клункам тавараў, — дапраўды, мне не патрэбны гэтыя грошы. Я нічога з іх не выдаткавала. У мяне ёсць грошы.
— Мая маленькая лэдзі, — адазваўся расчараваны капітан, пазіраючы проста перад сабою ўздоўж вуліцы, — будзьце ласкавы, захавайце іх для мяне, пакуль я ў вас іх не папрашу.
— Можна мне пакласці туды, дзе яны былі раней, — запыталася Фларэнс, — і захаваць іх там?
Капітан быў зусім не ў захапленні ад гэтай прапановы, але тым не менш адказаў:
— Так, так, мая маленькая лэдзі, кладзіце іх, куды хочаце, толькі-б вы ведалі, дзе іх знайсці, мне яны зусім не патрэбны, — сказаў капітан. — Здзіўляюся, як гэта я раней іх не распусціў.
У першую хвіліну капітан быў зусім збіты з панталыку, але схамянуўся, адчуўшы дотык рукі Фларэнс, і яны вярнуліся дадому з тымі-ж перасцярогамі, з якімі вышлі; капітан адчыніў дзверы каюты маленькага Мічмана і нырнуў туды з хуткасцю, якую можна было растлумачыць толькі яго доўгай практыкай.
Ён дамогся таго, каб яна з'ела тосту і выпіла шклянку нігесу (які гатаваў ён беззаганна), і, падбадзёрыўшы яе ўсімі ласкавымі словамі і няскладнымі прымоўкамі, якія толькі мог прыдумаць, павёў яе наверх, у спальню. Але і ў яго было штосьці на душы, і ён выглядаў збянтэжаным.
— Спакойнай ночы, сэрца маё, — сказаў ёй капітан Катль ля дзвярэй яе спальні.
Фларэнс пацалавала яго.
У іншы час капітан быў-бы надзвычай здзіўлены гэтым знакам яе прывязанасці і ўдзячнасці; праўда, ён і цяпер не астаўся да яго нячулым, але паглядзеў ёй у твар з яшчэ большай збянтэжанасцю, чым выяўляў раней, і як быццам не хацеў ад яе выходзіць.
— Небарака Уольр! — сказаў капітан.