Гэта шматразова паўтараемае пытанне бадай ці магло служыць крыніцай уцехі, але, здавалася, яно служыла такім для капітана Катля, бо капітан пытаўся зноў і зноў. Фларэнс, адмовіўшыся ад абеду і адкінуўшыся на спінку канапы, працягнула яму руку, адчуваючы, што яна засмуціла яго, і ўсёй душою жадаючы яму дагадзіць пасля ўсіх яго клопатаў; ён затрымаў яе руку ў сваёй (якая пры гэтым задрыжэла) і, нібы забыўшыся пра абед і пра адсутнасць у яе апетыту, час ад часу пачынаў мармытаць глыбокадумным і спачувальным тонам: «Небарака Уольр. Так, так! Утапіўся. Праўда?» І кожны раз чакаў яе адказу, нібы гэтае пытанне ён задаваў толькі для таго, каб атрымаць адказ.
Курыца і сасіскі застылі, падліўка і яечны соус перастаяліся, перш чым капітан успомніў аб тым, што яны паданы на стол, і падазваўшы Дыагена, яны ўдвух хутка скончылі з банкетам. Захапленне і здзіўленне капітана ад Фларэнс, якая пачала прыбіраць са стала, парадкаваць у гасцінай і вымятаць попел з ачага — з яе стараннасцю мог спаборнічаць толькі палкі яго пратэст, калі яна ўзялася яму дапамагаць, — паступова выраслі да такіх размераў, што ён толькі і мог, склаўшы рукі, стаяць і пазіраць на яе, нібы на нейкую фею, што выконвала за яго гэтую работу; чырвоны абручык у яго на ілбе загарэўся ад невымоўнага яго захаплення.
Але, калі Фларэнс, узяўшы люльку з каміннай паліцы, падала яму яе і папрасіла закурыць, добры капітан быў узрушан яе ўвагай да такой ступені, што ўзяў у рукі гэтую люльку, як ніколі яшчэ не браў ніводнай люлькі. Калі-ж Фларэнс, заглянуўшы ў маленькі буфет, дастала чатырохгранную бутэльку, не чакаючы яго просьбы, прыгатавала яму шклянку надзвычай добрага грогу і паставіла каля яго, капітан адчуў сябе такім ушанаваным і ўзвялічаным, што нават барвовы яго нос пабялеў. Апанаваны надзвычайным настроем, ён напхаў люльку, а Фларэнс падала яму агню прыкурыць — капітан не мог супярэчыць або перашкодзіць ёй — і, заняўшы ранейшае сваё месца на канапе, паглядзела на яго з пяшчотнай удзячнай усмешкай, якая так яскрава гаварыла яму, што яе адзінокае сэрца прыгарнулася да яго таксама, як павернуты яе твар; дым з люлькі засеў капітану ў горле, прымусіў яго закашляцца і трапіў у вочы і прымусіў яго заміргаць і праслязіцца.
Калі ён скончыў курыць люльку, яны напіліся чаю, а пасля Фларэнс папрасіла правесці яе ў якую-небудзь краму па суседству, дзе-б яна магла купіць самыя неабходныя рэчы. Было ўжо зусім цёмна, а таму капітан згадзіўся на гэта, але спачатку зірнуў асцярожна на вуліцу, як прывык рабіць у той час, калі хаваўся ад місіс Мак-Стынджэр, і ўзброіўся сваім вялікім кійком на выпадак, калі непрадбачаныя акалічнасці прымусяць яго ўзяцца за зброю.