аднаго ў доме, дзе той можа выпадкова адкрыць таямніцу, прышоў у замяшанне, якое не захавалася нават ад містэра Тутса. Але гэты малады джэнтльмен, думаючы, што яго сябра-марак проста-напраста рыхтуецца да надыходзячага спаткання, быў зусім задаволеным і, хіхікаючы, прыпамінаў уласныя свае разважлівыя паводзіны.
Нарэшце, капітан, выбіраючы з двух бед меншую, вырашыў забегчы да маклера Бролі, а папярэдне замкнуць дзверы, што выходзілі наверх, і ключ пакласці сабе ў кішэню.
— Ужо вы прабачце, што я гэта зрабіў, прыяцель, — не без сораму і збянтэжанасці, сказаў капітан містэру Тутсу.
— Капітан Джылс, — адказаў містэр Тутс, — што-б вы ні зрабілі, я ўсім астануся задаволены.
Капітан адсутнічаў значна больш, чым думаў. Вярнуўся ён вельмі бледны і ў вялікім хваляванні, і нават было падобна да таго, што ён паплакаў.
— Капітан Джылс, — спагадліва сказаў містэр Тутс, — я веру і спадзяюся, што нічога дрэннага не здарылася.
— Дзякую вам, прыяцель, абсалютна нічога, — адказаў капітан. — Якраз наадварот.
— Вы як быццам чымсьці ашаломлены, капітан Джылс, — заўважыў містэр Тутс.
— Што і казаць, прыяцель, мяне захапілі знянацку, — згадзіўся капітан. — Правільна.
— Ці не магу я чым-небудзь дапамагчы, капітан Джылс? — запытаўся містэр Тутс. — У такім выпадку майце мяне на ўвазе.
Капітан паглядзеў на містэра Тутса з нейкай дзіўнай жаласцю і спачуваннем, узяў яго за руку і моцна яе паціснуў.
— Не, дзякую вам, нічым не можаце, — сказаў капітан. — Але вы зрабілі-б мне вялікую ласку, калі-б развіталіся цяпер са мною. Мне здаецца, браток, — ён зноў паціснуў яму руку, — вы — найцудоўнейшы хлапец у свеце, пасля Уольра, хоць і ў іншым сэнсе, чым ён.
— Клянуся гонарам, капітан Джылс, — адазваўся містэр Тутс, папярэдне пахлопаўшы капітана па руцэ, а пасля паціснуўшы яе паўторна, — я ў захапленні ад вашай добрай думкі аба мне. Дзякую вам.
— Трымайцеся мацней і не падайце духам, — сказаў капітан, гладзячы яго па спіне. — Вялікая бяда! На свеце шмат прыгожанькіх дзяўчат!
— Не для мяне, капітан Джылс! — урачыста адказаў містэр Тутс. — Не для мяне, запэўняю вас! Пачуцці мае ў адносінах да міс Домбі такія вялікія, моў, што маё сэрца ператварылася ў незаселены востраў, на якім жыве яна адна. Я худзею з кожным днём і ганаруся гэтым. Калі-б вы паглядзелі на мае ногі, калі я скідаю чаравікі, вы-б зразумелі, што азначае каханне без узаемнасці. Мне прыпісалі хіну, але я не прымаю, бо зусім