Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/481

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

не хачу ўмацоўваць сваё здароўе. Так, не хачу! Між іншым, аб гэтым забаронена ўспамінаць. Да пабачэння, капітан Джылс!

Капітан Катль, шчыра адказаўшы на развітальнае віншаванне містэра Тутса, замкнуў за ім дзверы, паківаў галавой з тою-ж дзіўнай жаласцю і спачуваннем, з якім паглядаў на яго раней, і пайшоў наверх даведацца, ці не патрэбны Фларэнс яго паслугі.

Разы два або тры ён паціхеньку пастукаў кручком у дзверы Фларэнс, але, не атрымаўшы ніякага адказу, адважыўся спачатку заглянуць, а пасля ўвайсці ў пакой, магчыма, ён адважыўся на гэты апошні крок дзякуючы таму, што быў сустрэнуты, як знаёмы, Дыагенам, які, расцягнуўшыся на падлозе каля яе ложка, завіляў хвастом і, не патурбаваўшыся ўстаць, паглядзеў, міргаючы, на капітана.

Яна спала цяжкім сном і ў ва сне стагнала, а капітан Катль пачціва ставячыся да яе юнацтва, прыгажосці і смутку, паправіў ёй падушку, разгладзіў скамечаны плашч, якім яна была ўкрыта, шчыльней зацягнуў фіранкі, каб яна добра выспалася, і, на цыпках вышаўшы з пакоя, пачаў пільнаваць на лесвіцы.


РАЗДЗЕЛ XLIX

Мічман робіць адкрыцце.

Фларэнс доўга не прачыналася.

Сонца стаяла нізка на захадзе і, выглядаючы з-за чырванаватага туману, пранізвала праменнямі байніцы і разбярныя ўпрыгожанні на шпіцах гарадскіх цэркваў, нібы ўтыкаючы ў іх залатыя стрэлы, калі Фларэнс, падняўшы цяжкія павекі, ляжала, пазіраючы няўцямна і абыякава на незнаёмыя сцены і таксама роўнадушна прыслухоўваючыся да вулічнага шуму. Але раптам яна ўсхапілася з пасцелі, здзіўлена і збянтэжана азірнулася навокал і ўспомніла ўсё.

— Красуня мая! — сказаў капітан, пастукаўшы ў дзверы. — Як справы?

— Дарагі сябра! — усклікнула Фларэнс, кінуўшыся яму насустрач. — Гэта вы?

Капітан так узганарыўся, пачуўшы гэты тытул, і так быў абрадаван яе прасвятлеўшым ад радасці тварам, калі яна ўбачыла яго, што замест адказу пацалаваў кручок, без слоў выяўляючы сваё здавальненне.

— Як справы, мой яркі алмаз? — запытаўся капітан.

— Мусіць, я вельмі доўга спала, — сказала Фларэнс. — Калі я сюды прышла? Учора?

— Сёння, якраз сёння, мая маленькая лэдзі, — адказаў капітан.

477