Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/471

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вочы рукамі, і, дрыжучы ўсім целам, прыціснулася да сценкі, прашмыгнула міма яе, нібы нейкая нячыстая жывёла, а пасля знікла.

Фларэнс страціла прытомнасць на лесвіцы, і, як яна меркавала, тут яе знайшла місіс Піпчын. Яна ведала толькі, што апамяталася ў сябе на пасцелі, а вакол яе стаялі місіс Піпчын і служанкі.

— Дзе мама? — было першае пытанне.

— Паехала ў госці на абед, — сказала місіс Піпчын.

— А тата?

— Містэр Домбі ў сваім пакоі, міс Домбі, — адказала місіс Піпчын, — а вам патрэбна раздзецца і зараз-жа легчы ў пасцель.

Выказаўшы жаданне паляжаць спакойна, Фларэнс паспяшалася вызваліцца ад клапатлівага догляду місіс Піпчын і яе дапамогі. Астаўшыся адна, яна задумалася аб тым, што здарылася на лесвіцы — спачатку сумняваючыся, ці было гэта сапраўднай рэчаіснасцю, пасля, заліўшыся слязмі, адчула невымоўны і бязмежны жах, які яна перажыла мінулую ноч.

Яна вырашыла не класціся спаць, пакуль не вернецца Эдзіт; калі ёй і не ўдасца пагаварыць з ёй, то прынамсі яна будзе ўпэўнена, што тая шчасліва вярнулася дадому.

Услед за вечарам надышла ноч. Настала поўнач. Эдзіт усё яшчэ няма.

Фларэнс не магла заняцца чытаннем і ні на хвілінку не знаходзіла спакою.

Усе ў доме паляглі спаць, апрача двух слуг, якія чакалі ўнізе звароту сваёй гаспадыні.

Гадзіна ночы. Экіпажы, якія з грукатам праязджалі ўдалечыні, паварачвалі за рог або праязджалі міма; цішыня паступова згушчалася і парушалася ўсё радзей і радзей, хіба толькі парывам ветру або шумам дажджу. Дзве гадзіны. Эдзіт усё яшчэ няма.

Усё больш хвалюючыся, Фларэнс хадзіла па сваім пакоі і па карыдоры, пазірала на месяц, і раптам ёй здалося, што месяц падобен да пабляднеўшай уцякачкі, якая спяшаецца пайсці і схаваць свой злачынны твар. Адбіла чатыры гадзіны! Пяць! Эдзіт усё яшчэ няма.

Але раптам у доме пачуўся нейкі шум; Фларэнс здагадалася, што адзін са слуг, што не спаў, разбудзіў місіс Піпчын, якая ўстала, апранулася і сышла ўніз да дзвярэй містэра Домбі. Асцярожна спускаючыся ўніз па лесвіцы, Фларэнс убачыла бацьку, які вышаў у халаце з пакоя; ён уздрыгануўся, калі яму сказалі, што яго жонка не вярнулася дадому. Ён паслаў слугу на стайню даведацца, ці там конюх, а калі той пайшоў, паспяшаўся апрануцца.

Слуга вярнуўся хутка, ведучы з сабою фурмана, які сказаў, што ён ужо з дзесяці гадзін дома і лёг спаць. Ён адвёз сваю

467