Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/472

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гаспадыню на старую яе кватэру, на Брук-стрыт, дзе яе сустрэў містэр Каркер.

Фларэнс стаяла на тым самым месцы, дзе была ў тую хвіліну, калі ўбачыла Каркера як ён спускаўся з лесвіцы. Зноў яна задрыжэла ў невымоўным страху, таксама, як тады, калі бачыла яго, і ў яе ледзь хапіла сіл слухаць і разумець тое, што адбывалася.

— … які сказаў яму, — прадаўжаў слуга, — што гаспадыні не патрэбна будзе карэта, каб адвезці яе дадому, і пусціў яго.

Яна бачыла, як яе бацька пабляднеў, і чула, як ён спяшаючыся, дрыготкім голасам паклікаў пакаёўку місіс Домбі. Усе ў доме былі на нагах, і пакаёўка адразу-ж з'явілася, таксама вельмі бледная і няскладна гаварыўшая.

Яна сказала, што адзела сваю паню рана — за добрых дзве гадзіны да ад'езду, — і, як бывала ўжо не аднойчы, ёй было сказана, што вечарам яе паслугі не патрэбны. Цяпер яна толькі што вярнулася з пакояў сваёй гаспадыні, але…

— Але што? Што здарылася? — Фларэнс пачула, як крыкнуў яе бацька, нібы звар'яцеўшы.

— … але ўнутраныя дзверы замкнуты на ключ, а ключа няма.

Яе бацька схапіў свечку, што гарэла на падлозе, — хтосьці паставіў яе тут і забыўся аб ёй, — і рынуўся наверх у такім шаленстве, што Фларэнс ледзь паспела ўцячы ад яго. Яна бегла да сябе ў пакой, у жаху распасцёршы рукі, з распушчанымі валасамі, з тварам, пакарожаным, як у звар'яцелай, і чула, што ён ломіць дзверы.

Калі дзверы падаліся і ён уварваўся ў пакой, што убачыў ён там? Ніхто гэтага не ведаў. Але на падлозе ляжала груда каштоўнасцей, атрыманых ад яго з дня вяселля, сукенкі, якія яна насіла, і ўсё, што ў яе было. Гэта быў той самы пакой, дзе ён бачыў вунь у тым люстры ганарлівы твар, які адвярнуўся ад яго.

Пакідаўшы гэтыя рэчы ў скрынкі і ў шалёнай спешцы замкнуўшы іх на ключ, ён убачыў на стале нейкія паперы: даравальны запіс, зроблены ім пры шлюбе, і пісьмо. Ён прачытаў, што яна пайшла. Ён прачытаў, што ў ганебную для яго гадавіну вяселля яна ўцякла з чалавекам, якога ён абраў прыладай для яе прыніжэння, і ён выбег з дому апанаваны надзеяй знайсці яе там, куды яе адвезлі, і няўзброенай рукой сцерці ўсе сляды прыгожасці з урачыстага твара.

Фларэнс, амаль не разумеючы, надзела шаль і капялюш, марачы аб тым, што будзе бегчы па вуліцах, пакуль не знойдзе Эдзіт, а тады сцісне яе ў сваіх абдымках, каб выратаваць і прывесці дадому. Але калі яна выбегла на пляцоўку і ўбачыла слуг, якія мітусіліся са свечкамі ўверх і ўніз па лесвіцы, перашэптваліся паміж сабой і рынуліся ўбок ад яе бацькі, калі той прайшоў міма, Фларэнс апамяталася, зразумеўшы сваю бездапаможнасць. Схаваўшыся ў адным з прыгожых пакояў, — вось для

468