— Божа мой, місіс Домбі! — з вялікім здзіўленнем усклікнуў яе муж. — Няўжо вы думаеце, што я магу паставіцца сур'ёзна да такой прапановы? Ці ведаеце вы, хто я такі, пані? Ці ведаеце вы, што я з сябе ўяўляю? Ці чулі вы калі-небудзь аб фірме Домбі і Сын? Будуць гаварыць аб тым, што містэр Домбі — містэр Домбі! — развёўся са сваёй жонкай! Нічога не вартыя людзі будуць гаварыць аб містэры Домбі і сямейных яго справах! Няўжо вы сур'ёзна думаеце, місіс Домбі, што я дазволіў-бы зневажаць сваё імя пры такіх акалічнасцях? Што вы, што вы, пані! Як вам не сорам! Якое глупства!
Містэр Домбі рассмяяўся шчыра.
Але не так, як яна. Лепш было-б ёй памерці, чым рассмяяцца так, як рассмяялася яна ў адказ, не зводзячы з яго пільнага позірку. Лепш было-б яму памерці, чым сядзець тут, ва ўсёй велічнасці, і слухаць яе.
— Не, місіс Домбі, — прадаўжаў ён, — не, пані. Не можа быць і гутаркі аб нашым разводзе, і тым больш настойліва раю я вам апамятацца і прызнаць пачуццё абавязку. Дык вось што я хацеў вам сказаць, Каркер…
Містэр Каркер, які ўвесь час сядзеў і слухаў, падняў цяпер вочы, якія загарэліся яркім, незвычайным блескам.
— … Вось што я хацеў вам сказаць, — прадаўжаў містэр Домбі, — цяпер, калі справа набывае такі характар, я прашу вас паведаміце місіс Домбі: правілы майго жыцця не дазваляюць, каб мне хто-б там ні быў супярэчыў — хто-б там ні быў, Каркер. Яны не дазваляюць таксама, каб каго-б там ні было, апрача мяне, высоўвалі на першы план, калі гутарка ідзе аб паслухмянасці мне. Успамінанне аб маёй дачцы, і тая акалічнасць, што мая дачка скарыстана ў процівагу мне, — супроцьнатуральна. Ці знаходзіцца мая дачка ў саюзе з місіс Домбі, я не ведаю і ведаць не хачу, але пасля слоў, сказаных сёння, я хачу давесці да ведама місіс Домбі наступнае: калі яна па-ранейшаму пачне ператвараць гэты дом у арэну барацьбы, я буду лічыць сваю дачку да вядомай ступені адказнай, па ўласнаму прызнанню місіс Домбі, і яна заслужыць мной гнеў. Місіс Домбі запыталася: «хіба мала таго», што яна зрабіла тое і тое. Будзьце ласкавы адказаць ёй — так, гэтага мала!
— Адну хвілінку! — перапыніў Каркер. — Дазвольце! Якое ні пакутліве маё становішча, пакутлівае ў асаблівасці таму, што я з вамі не зусім згодзен, — павярнуўся ён да містэра Домбі, — я вымушан запытацца, ці не лепш будзе, калі вы яшчэ раз абдумаеце пытанне аб разводзе. Я ведаю, наколькі гэта ўяўляецца несумяшчальным з вашым высокім грамадскім становішчам, і ведаю, наколькі вялікая ваша рашучасць, калі вы даеце місіс Домбі зразумець, — яго бліскучы позірк скіраваўся на яе, калі ён выразна вымаўляў гэтыя словы, адчаканеныя, як удары звона, — даеце зразумець, што толькі смерць можа вас