Зале Слуг перашэптваліся аб гэтым, ківалі галовамі і яшчэ з большым апетытам елі і пілі, яшчэ цясней звязаныя сяброўствам.
Гэтыя ўважлівыя назіральнікі шмат чаго маглі расказаць аб містэры і місіс Домбі і аб містэры Каркеры, які быццам быў пасярэднікам паміж імі і прыходзіў і адыходзіў, нібы, спрабаваў іх пагадзіць, але заўсёды без поспеху. Яны ўсё бедавалі аб прыкрым становішчы спраў і ўсё рашылі аб тым, што місіс Піпчын (варожасць да якой аставалася непарушнай) прыклала да гэтага руку.
Госці, якія звычайна бывалі ў доме, і знаёмыя, якіх наведвалі містэр і місіс Домбі, лічылі, што абодва яны падыходзяць адзін да аднаго, калі ўжо гаварыць аб ганарыстасці, але гэтаму пытанню яны не надавалі вялікай увагі. Шмат хто з тых, каго запрашалі толькі на ўрачыстых выпадках, бадай ці ведалі, хто такая Фларэнс, і, варочаючыся дадому, казалі: «Вось як! Дык гэта міс Домбі сядзела там у кутку? Вельмі прыгожанькая, але крыху кволая з выгляду і задуменная!»
Так, сапраўды, пасля апошніх шасці месяцаў Фларэнс іменна такой і была, калі ў замяшанні і ледзь не ў спалоху заняла месца за абедзенным сталом напярэдадні другой гадавіны шлюбу свайго бацькі з Эдзіт (першая гадавіна супала з хваробай місіс Ск'ютон, разбітай паралічам). Падставамі для яе апасенняў былі толькі знамянальны дзень, выраз твара яе бацькі, які яна заўважыла, шпарка кінуўшы на яго позірк, і прысутнасць Каркера, непрыемная ёй заўсёды, а сёння больш, чым калі-б там ні было.
Эдзіт была ў пышным уборы, бо яна і містэр Домбі павінны былі прысутнічаць у той дзень на вечары, куды іх запрасілі, і абед быў прызначаны на больш позні час. Яна з'явілася, калі ўсе ўжо сядзелі за сталом, і містэр Каркер устаў і падвёў яе да стала.
У часе абеду амаль не размаўлялі. Фларэнс чула як яе бацька час ад часу загаварваў з містэрам Каркерам аб справах, чула яго ціхія адказы, але яна мала звяртала ўвагі на іх гутарку і з нецярплівасцю чакала канца абеду. Калі падалі дэсерт і слугі пайшлі, містэр Домбі, які ўжо не раз адкашліваўся, што не прадвяшчала дабра, сказаў:
— Місіс Домбі, думаю вы ведаеце: я сказаў эканомцы аб тым, што заўтра к абеду ў нас будуць госці?
— Я не абедаю дома, — адазвалася яна.
— Кампанія невялікая, — бестурботна прадаўжаў містэр Домбі, робячы выгляд, быццам не чуў, што яна сказала, — чалавек дванаццаць-чатырнаццаць. Мая сястра, маёр Бегсток і яшчэ некалькі асоб, з якімі вы мала знаёмы.
— Я не абедаю дома, — паўтарыла яна.