Астаўшыся адзін у сваім кабінеце, містэр Каркер узяўся за работу і працаваў увесь дзень. Але калі паперы з яго стала зніклі адна за другой, ён зноў пачаў разважаць.
Ён стаяў на звычайным сваім месцы і ў звычайнай сваёй позе, утаропіўшыся ў падлогу, калі ўвайшоў яго брат і прынёс назад пісьмы, узятыя адсюль на працягу дня. Ён паціхеньку паклаў іх на стол і хацеў адразу-ж пайсці назад, калі містэр Каркер-загадчык сказаў:
— Ну-с, Джон Каркер, што прывяло вас сюды?
Яго брат паказаў на пісьмы і зноў памаленьку пайшоў да дзвярэй.
— Дзіўна, — сказаў загадчык, — што вы прыходзіце сюды і адыходзіце, нават не запытаўшыся пра здароўе нашага гаспадара.
— Нам сказалі сёння раніцой у канторы, што містэр Домбі папраўляецца, — адказаў брат.
— Вы — такі пакорны чалавек, — з усмешкай сказаў загадчык, — між іншым, такім вы сталі на працягу гэтых год, — што, гатоў паклясціся, вы-б засмуціліся, калі-б з ім здарылася бяда.
— Я быў-бы шчыра засмучаны, Джэймз, — адказаў той.
— Ён быў-бы засмучаны! — сказаў загадчык, паказваючы на яго пальцам, нібы заклікаючы да кагосьці прысутнага пры размове. — Ён быў-бы шчыра засмучаны? Вось гэты мой брат! Гэты маленькі клерк, гэты нікому не патрэбны чарвяк, павернуты тварам да сцяны, нібы паганая карціна! Ён, які прасядзеў так бог ведае колькі год! Ён поўны ўдзячнасці, пашаны, адданасці і думае, што я гэтаму паверу!
— Я ні ў чым не хачу вас запэўніць, Джэймз, — запярэчыў брат. Будзьце справядлівы да мяне таксама, як да любога са сваіх падначаленых. Вы ў мяне запыталіся, і я вам адказаў.
— У вас, зразумела, ёсць падставы быць удзячным яму! — пагардліва сказаў загадчык. — Ды няўжо вам невядома, што вас тут трымаюць як танны прыклад і знамянальны доказ літасці Домбі і Сына, дзеля таго, каб расла слаўная рэпутацыя гэтай вялікай фірмы.
— Невядома, — ціхамірна запярэчыў яго брат. — Я ўжо даўно паверыў у тое, што мяне тут трымаюць па іншых падставах, больш бескарыслівых. Памылкова был-б думаць, што толькі вы адзін, узвышаны над усімі іншымі, які заслужыў давер'е і ўзнагароду (узвышаны з самага пачатку, я гэта ведаю, дзякуючы вашым выключным здольнасцям і прыстойнасці) і які падтрымлівае з містэрам Домбі больш блізкія адносіны, чым хто-б там ні было, стаіць, калі можна так сказаць, на роўня з ім і асыпаны яго ласкамі і шчодрасцямі, — памылкова, кажу я, было-б думаць, што толькі вы адзін клапоціцеся аб яго шчасці і рэпутацыі. Я шчыра веру, што няма