ў гэтай канторы ні аднаго, пачынаючы з вас і канчаючы самым ніжэйшым служачым, хто-б не падзяляў гэтага пачуцця.
— Вы хлусіце! — усклікнуў загадчык, раптам пачырванеўшы ад злосці. — Вы — двурушнік, Джон Каркер, і вы хлусіце!
— Джэймз! — закрычаў той, успыхнуўшы ў сваю чаргу. — Што вы хочаце сказаць, гаворачы гэтыя зняважлівыя словы? Чаму вы гнусна кідаеце іх мне ў твар без ўсякай прычыны з майго боку?
— Я вам кажу, — прамовіў загадчык, — што вашу двурушнасць і пакорлівасць і двурушнасць і пакорлівасць ўсіх служачых я ненавіджу, — ён зняважліва пстрыкнуў пальцамі. — Я бачу вас наскрозь! Вы для мяне празрысты, як паветра! Няма нікога са служачых, якія займаюць месца паміж мною і самым апошнім ў гэтай канторы (да яго вы ставіцеся спагадліва, і не без падстаў, бо вас раздзяляе невялікая адлегласць), хто-б цішком не парадаваўся прыніжэнню свайго гаспадара, хто-б у глыбіні душы не адчуваў да яго нянавісці, хто-б не жадаў яму зла і хто-б не паўстаў, каб была ў яго храбрасць і сіла! Чым больш карыстаемся яго ласкамі, тым больш зносім ад яго крыўд; чым бліжэй да яго, тым далей ад яго! Вось якое перакананне ўсіх служачых!
— Не ведаю, — адазваўся брат, чыё абурэнне хутка саступіла месца здзіўленню, — не ведаю, хто вам нагаварыў такіх рэчаў і чаму вам захацелася выпрабоўваць мяне, а не каго-небудзь іншага. А вы мяне выпрабоўвалі і абдурвалі — у гэтым я цяпер упэўнены. Вы трымаецеся і гаворыце так, як ніколі яшчэ не было. Паўтараю яшчэ раз — вас ашукваюць.
— Ведаю, што ашукваюць, — сказаў загадчык, — я вам гэта ўжо казаў.
— Не я, — запярэчыў яго брат. — Ваш даносчык, калі ёсць ён у вас. А калі няма, то вашы ўласныя думкі і падазрэнні.
— У мяне няма ніякіх падазрэнняў, — сказаў загадчык. — У мяне ёсць упэўненасць. Усе вы — маладушныя, подлыя, ліслівыя сабакі! Усе вы прыкідваецеся, усе двурушнічаеце, ўсе сцвярджаеце адны і тыя-ж жаласлівыя словы, усе захоўваеце адну і тую-ж тайну, якую лёгка разгадаць.
Калі ён замаўчаў, яго брат, не кажучы ні слова, пайшоў і зачыніў за сабой дзверы. Містэр Каркер-загадчык прысунуў да каміна крэсла і пачаў памаленьку разбіваць вугаллі качаргой.
— Труслівыя, гнусныя стварэнні! — прамармытаў ён, агаляючы два рады бліскучых зубоў. — Няма сярод іх нікога, хто-б не прытварыўся ўзрушаным і абураным… Ба! Каб у кожнага з іх была ўлада і каб яны мелі розум і смеласць, каб скарыстаць гэту ўладу, усе яны зняважылі-б гордасць містэра Домбі і знішчылі-б яе таксама бязлітасна, як я разбіваю гэтыя вугаллі!