— Не чапайце яго, чуеце, місіс Браун! — усклікнуў Роб, адштурхваючы яе руку. — Вы можаце да вар'яцтва давесці хлапца, які хоча выправіцца!
— Ды якую-к шкоду я яму зрабіла, дзіця маё? — запярэчыла старая.
— Якую шкоду! — паўтарыў Роб. — Гаспадар у яго такі, што заўважыць, нават калі саломінкай да яго дакрануцца.
І ён падзьмуў на тое месца, да якога дакранулася рука старой, і асцярожна пагладзіў яго пальцамі, нібы і сапраўды верыў таму, што сказаў.
Старая, шамкаючы і грымаснічаючы, паглядала на дачку, што ішла за ёю, і сама ішла ўслед за Робам, які вёў на повадзе каня, і прадаўжала размову.
— У вас добрая служба, Роб, праўда? — сказала яна. — Вам пашчаслівілася, дзіця маё.
— Ох, ужо не гаварыце пра шчасце, місіс Браун! — запярэчыў злашчасны Тачыльшчык, азіраючыся і спыняючыся. — Калі-б я вас не сустрэў або калі-б вы пайшлі, тады і сапраўды можна было-б лічыць, што хлапцу пашанцавала. Ідзіце вон вы адсюль, місіс Браун! І не хадзіце за мною вы ўслед! — закрычаў Роб, нечакана задзіраючыся. — Калі гэта маладая жанчына — ваша прыяцелька, чаму яна вас не адвядзе, калі вы так сябе сароміце?
— Гэта яшчэ што такое? — закаркала старая, наблізіўшы да яго твар і састроіўшы такую злосную грымасу, што нават трухлявая скура ў яе на шыі сабралася ў маршчыны. — Вы выракаецеся свайго старога сябра? Ды хіба вы не хаваліся разоў пяцьдзесят у мяне дома і не спалі салодкім сном у кутку, калі ў вас не было ніякага прытулку, апрача бруку, а цяпер вы вось як са мною размаўляеце! Хіба я не прадавала і не купляла разам з вамі і не дапамагала вам, школьніку, хавацца і ці мала яшчэ што рабіць, а цяпер вы мне гаворыце, каб я ішла вон? А хіба я не магла-б склікаць заўтра-ж раніцой вашых старых таварышоў, каб яны ішлі за вамі, як цень, вам на пагібель? А вы ўсё-такі пазіраеце на мяне дзёрзка? Ну што-ж, пайду! Пойдзем, Эліс.
— Пачакайце, місіс Браун! — закрычаў спалоханы Тачыльчшчык. — Што-ж гэта вы робіце? Не трэба злавацца! Калі ласка, прытрымайце яе. Я зусім не хацеў пакрыўдзіць. Я з самага пачатку сказаў: «Як вы маецеся» хіба няпраўда? Але вы не захацелі адказаць. Ну, дык як-жа вы маецеся? А пасля паслухайце! — жаласна дадаў Роб. — Ну, як можа хлапец стаяць і размаўляць на вуліцы, калі яму трэба адвесці гаспадарскага каня, каб яго памылі, а гаспадар у хлапца такі, што кожную дробязь заўважае?
Старая зрабіла выгляд, быццам крыху злітавалася, але ўсё яшчэ ківала галавою, мармытала і шамкала.