— Ці не хочаце пайсці да канюшань, місіс Браун, і выпіць шкляначку чаго-небудзь па свайму густу, — сказаў Роб, — замест таго, каб блукаць вось тут так, ад чаго вам, дый нікому, няма ніякай карысці? І вы пайдзіце з ёй, будзьце настолькі ласкавы, — дадаў Роб, звяртаючыся да Эліс. — Я, дапраўды-ж, вельмі рад яе бачыць, каб не было тут гэтага каня.
Звярнуўшы на бязлюдны маленькі пляц або двор, над якім узвышалася велізарная званіца і дзе змяшчаўся склад упакоўшчыка і склад бутэлек, Роб Тачыльшчык даручыў беланогага каня конюху са старамодніх стайняў на рагу і, запрасіўшы місіс Браун і яе дачку прысесці на каменную лаўку ля варот гэтай установы, неўзабаве прыбег з суседняга тракціра з валавяным збанам і шклянкай.
— За здароўе вашага гаспадара, містэра Каркера, дзіця маё! — Павольна выказала сваё пажаданне старая перад тым, як выпіць. — Няхай благаславіць яго бог!
— Ды я-ж вам не гаварыў, хто ён такі! — усклікнуў Роб, вытрашчыўшы вочы.
— Мы яго ведаем у твар, — сказала місіс Браун, якая назірала з такой увагай, што на секунду кінула нават жаваць губамі і трасці галавой. — Мы бачылі сёння раніцой, як ён ехаў конна і пасля злез з каня, а вы чакалі, каб адвесці каня.
— Ды няўжо? — адазваўся Роб, які, відавочна, пашкадаваў аб тым, што не чакаў яго ў якім-небудзь іншым месцы. — А што з ёй такое? Чаму яна не п'е?
Гэта пытанне датычыла Эліс, якая сядзела паводдаль, закруціўшыся ў плашч, і не дакраналася да сваёй шклянкі.
Старая паківала галавою.
— Не звяртайце на яе ўвагі, — сказала яна. — Калі-б вы ведалі, Роб, якая яна дзіўная! А містэр Каркер…
— Ціха! — сказаў Роб, цішком паглядаючы на склад упакоўшчыка і на склад бутэлек, як быццам адтуль мог падглядаць містэр Каркер. — Не так моцна!
— Ды яго-ж тут няма! — усклікнула місіс Браун.
— Гэтага я не ведаю, — прамармытаў Роб, мелькам глянуўшы нават на званіцу, нібы і там мог хавацца містэр Каркер, надзелены звышпрыродным чуткім слухам.
— Добры гаспадар? — запыталася місіс Браун.
Роб кіўнуў і сказаў паціху:
— Бачыць наскрозь.
— Ён жыве за горадам, праўда, любенькі? — запыталася старая.
— Так, калі ён у сябе дома, — адказаў Роб. — Але цяпер ён не дома.
— А дзе? — запыталася старая.
— Наймае кватэру, недалёка ад містэра Домбі, — адазваўся Роб.