шляху і, здавалася, не бачыў і не чуў нічога аж да моманту прыезду на месца назначэння, калі якая-небудзь выпадковасць або намаганні не адцягвалі яго ад думак.
Праязджаючы аднойчы ступою на сваім белым кані ў напрамку да канторы Домбі і Сына, ён таксама не заўважаў двух пар зыркіх жаночых вачэй, як і прыкаваных да яго круглых вачэй Роба Тачыльшчыка, які, чакаючы яго — у доказ сваёй пунктуальнасці — за квартал да ўмоўленага месца, дарэмна дакранаўся зноў і зноў да свайго капялюша, каб прыцягнуць увагу, і бег трушком побач са сваім гаспадаром, гатовы падтрымліваць страмёны, як толькі той захоча спешыцца.
— Глядзіце, вось ён едзе! — усклікнула адна з двух жанчын, вельмі старая, выцягваючы высахшую руку, каб паказаць на яго сваёй спадарожніцы, маладой жанчыне, якая стаяла каля яе, схаваўшыся за вароты.
Дачка місіс Браун адразу выглянула, куды паказала місіс Браун; гневам і прагай помсты дыхаў яе твар.
— Я ніколі не думала, што ўбачу яго яшчэ раз, — ціха сказала яна, — але, бадай, добра, што я яго ўбачыла. Так, бачу. Бачу!
— Не змяніўся! — сказала старая, кідаючы злосны позірк.
— Яму мяняцца! — адазвалася другая жанчына. — З-за чаго? Хіба ён пакутаваў? Я змянілася за дваццаць чалавек. Няўжо гэтага недастаткова?
— Глядзіце, як ён едзе! — прамармытала старая, сочачы пачырванелымі вачыма за сваёй дачкой. — Такі спакойны, і які прыбраны, едзе конна, а мы тут стаім у гразі…
— І з гразі вышлі, — нецярпліва перапыніла дачка. — Мы — гразь пад капытамі яго каня. Чым іншым маглі-б мы быць?
Праводзячы яго напружаным позіркам, яна таропка адмахнулася рукой, калі старая паспрабавала ёй адказаць, як быццам нават гук голасу перашкаджаў ёй глядзець. Маці, прыглядаючыся да яе, а не да яго, не сказала ні слова, пакуль гарачы позірк жанчыны не згас і яна не ўздыхнула глыбока, нібы адчула палёгку, калі яго ўжо было не відаць.
— Любачка! — сказала тады старая. — Эліс! Красуня! Элі! — Яна асцярожна тузянула яе за рукаў, каб прыцягнуць яе ўвагу. — Няўжо вы яму дазволіце так вось прагульвацца, калі вы можаце выціснуць з яго грошы? Дачушка, ды гэта-ж грэшна!
— Хіба я вам не гаварыла, што не вазьму ад яго грошай? — запярэчыла яна. — І няўжо вы да гэтага часу мне не верыце? Хіба я ўзяла грошы ад яго сястры? Хіба я дакрануся хаця-б да аднаго пені, калі ведаю, што ён прайшоў праз яго белыя рукі?.. Так, дакранулася-б, калі-б магла атруціць гэту манету і адаслаць назад да яго! Супакойцеся, матуля, і пойдзем адсюль.