— Калі захочаце, толькі не цяпер, — адказала яна.
— Вы зразумееце, калі я захачу ўбачыць вас, што міс Домбі не павінна пры гэтым прысутнічаць і што я прашу аб спатканні як чалавек, які мае шчасце карыстацца вашым давер'ем і прыходзіць, каб аказаць вам пасільную дапамогу і, магчыма, не раз адхіліць бяду ад яе.
Па-ранейшаму пазіраючы на яго, нібы яўна баючыся хоць-бы на секунду адвесці пільны погляд, яна адказала згодліва і зноў папрасіла яго выйсці.
РАЗДЗЕЛ XLVI
Апазнанне і размышленні.
Сярод многіх нязначных змен, якія адбываліся ў гэты час у жыцці і звычках містэра Каркера, найбольш выдатнай была тая надзвычайная стараннасць, з якой ён займаўся справамі, і тая ўвага, якую ён удзяляў кожнай дробязі, што датычыла добра яму вядомых аперацый фірмы. Заўсёды ў такіх выпадках дзейны і праніклівы, ён цяпер узмацніў у дваццаць разоў сваю рысіную пільнасць. Часта, калі адыходзілі ўсе клеркі, канторы аставаліся цёмнымі і пустымі і ўсе дзелавыя ўстановы замыкаліся, містэр Каркер, якому адкрыта была ўся анатомія незгараемай касы, вывучаў таямніцы кніг і папер з цярплівай настойлівасцю чалавека, які даследуе найтанчэйшыя нервы і фібры прадмета.
Такую-ж узмоцненую і напружаную ўвагу, з якой містэр Каркер займаўся справамі фірмы, аддаваў ён і сваім уласным аперацыям. Не будучы кампаньёнам у справе — да гэтага часу гэтым гонарам карысталіся толькі наследнікі вялікага імя Домбі, — ён атрымліваў пэўны процант з усіх здзелак; але апрача гэтага ён раздзяляў разам з фірмай магчымасць выгадна змяшчаць грошы, і таму дробная рыбіца, якая акружала буйных кітоў гандлёвых аперацый з Усходам, лічыла яго багатым чалавекам.
Аднак, гэтыя клопаты ніколі не перашкаджалі містэру Каркеру сачыць за сваім начальнікам і аставацца бездакарна чыстым, акуратным, ліслівым, заховаўючым усе ўласцівасці ката. Можна было гаварыць не столькі аб яго звычках, што змяніліся, колькі аб тым, што адчувалася ў ім нейкае напружанне.
Адзіная рэзкая змена заключалася ў тым, што, праязджаючы па вуліцах, яго апаноўвала глыбокае задуменне, што нагадвала тое задуменне, у якім ён ад'ехаў ад дома містэра Домбі ў тую раніцу, калі з гэтым джэнтльменам здарылася няшчасце. Ён машынальна ўнікаў усіх перашкод на сваім