Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/442

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

шчальна. Гэта парушае ўсе разумныя правілы. Але я на жаль павінна сказаць, сэр, што з гэтай маладой жанчынай зусім нельга справіцца. Яе распесціла міс Домбі, і яна нікога не хоча слухаць. Вы ведаеце, што гэта так, — рэзка сказала місіс Піпчын, звяртаючыся да С'юзен Ніпер і ківаючы галавой. — Саромцеся, дзеўка! Ідзіце вон!

— Калі ў мяне служаць людзі, з якімі нельга справіцца, місіс Піпчын, — сказаў, містэр Домбі, зноў паварочваючыся да каміна, — думаю, вы ведаеце, што з імі рабіць. Вы ведаеце, для чаго вы тут знаходзіцеся? Выведзіце яе!

— Сэр, я ведаю, як трэба рабіць, і, зразумела, так і зраблю, — адказала місіс Піпчын. — С'юзен Ніпер, — гэта было сказана надзвычай рэзка, — папярэджваю вас аб звальненні за месяц наперад.

— Я зараз-жа, пайду, можаце не сумнявацца ў гэтым, — сказала імклівая Ніпер. — Дванаццаць год я служыла тут і даглядала маю маладую гаспадыню, і я не затрымаюся ні на гадзіну пасля таго, як атрымала папярэджанне ад асобы, якая адзываецца на імя Піпчын. Будзьце ўпэўнены, місіс Піпчын!

— Нарэшце такі мы пазбавімся гэтай дрэні! — сказала разгневаная старая лэдзі. — Ідзіце вон, інакш я прыкажу вас вывесці!

— Мяне цешыць тое, што сёння я сказала праўдзівае слова, — абвясціла С'юзен, кінуўшы позірк на містэра Домбі, — якое ўжо даўно патрэбна было сказаць і паўтараць часцей і ясней, і ніякія Піпчыны — спадзяюся, іх мала (тут місіс Піпчын вельмі рэзка крыкнула «выбірайцеся», а міс Ніпер зноў зірнула на яе) — не могуць абвергнуць тое, што я сказала!

З гэтымі словамі міс Ніпер вышла, суправаджаемая сваім ворагам, паднялася ў свой пакой з вялікай годнасцю, на вялікую прыкрасць Піпчын, якая аж задыхалася ад злосці, села сярод сваіх куфэркаў і расплакалася.

З гэтага слязлівага стану яе вывеў голас місіс Піпчын за дзвярыма, які зрабіў вельмі добратворнае і ажыўляльнае дзеянне.

— Ці мае намер гэтае наглае стварэнне, — сказала раз'юшаная Піпчын, — прыняць зробленае папярэджанне, ці не мае?

Міс Ніпер адказала з-за дзвярэй, што ўспамянутая асоба не жыве ў гэтай частцы дома, але што завуць яе Піпчын і яе можна знайсці ў пакоі эканомкі.

— Дзёрзкая дзеўка! — адрэзала місіс Піпчын, тузаючы ручку дзвярэй. — Зараз-жа ідзіце вон! Зараз-жа складайце свае рэчы! Як вы адважваецеся гаварыць такія словы благароднай жанчыне, якая бачыла лепшыя дні?

На гэта міс Ніпер адказала са сваёй крэпасці, што яна шкадуе гэтыя лепшыя дні, якія бачыла місіс Піпчын.

438