— Але вам няма чаго падымаць крыку ля маіх дзвярэй і пэцкаць сваім вокам замочную шчыліну. Я спакую свае рэчы і пайду, можаце паказаць гэта прысягаючы.
Пасля С'юзен Ніпер занялася парадкаваннем сваіх куфраў, каб зараз-жа пайсці з годнасцю, і ўвесь час тужліва ўсхліпвала, думаючы пра Фларэнс.
Прадмет яе шкадаванняў неўзабаве з'явіўся да яе, бо хутка па ўсім доме разышліся чуткі, што С'юзен Ніпер пасварылася з місіс Піпчын, што абедзве яны апеліравалі да містэра Домбі, што ў пакоі містэра Домбі мела месца бяспрыкладная сцэна і што С'юзен адыходзіць.
— С'юзен! — усклікнула Фларэнс. — Вы мяне пакідаеце! Вы!
— Ох, дзеля ўсяго святога, міс Флой, — плачучы, сказала С'юзен, — не гаварыцё мне ні слова, а не то я зняслаўлю сябе перад гэтымі Піпчын, а я не хачу, каб яны бачылі мяне ў слязах, міс Флой, нізавошта на свеце!
— С'юзен! — сказала Фларэнс. — Дарагая мая, мой стары сябра! Што я буду рабіць без вас? Няўжо вы можаце так пайсці?
— Н-н-не, мая любенькая, дарагая міс Флой, дапраўды-ж, не магу! — усхліпвала С'юзен. — Але гэтаму нельга дапамагчы, я выканала свой абавязак, міс, дапраўды-ж, выканала! Гэта не мая віна. Я падна-а-чалілася неўнікнёнаму. Я не магла заткнуць сабе рот, інакш-бы я ніколі не пайшла-б ад вас, дарагая мая, а, нарэшце, мне прыходзіцца пайсці, не гаварыце са мною, міс Флой, бо хоць я і вельмі ўстойлівая, але ўсё-такі, мая любачка, я — не мрамарны вушак дзвярэй.
— Што такое? У чым справа? — пыталася Фларэнс. — Няўжо вы мне не растлумачыце?
Але С'юзен толькі ківала галавой.
— Н-н-е, дарагая мая. Не пытайцеся ў мяне, бо я не павінна гаварыць, і што-б вы не рабілі, не спрабуйце закінуць за мяне слаўцо, каб я асталася, бо гэтага не можа быць, і вы толькі сабе пашкодзіце, і няхай благаславіць вас бог, маю ненаглядную, а вы прабачце мне за ўсё кепскае, што я рабіла, і ўсе мае ўспышкі гневу за ўсе гэтыя гады!
— Куды вы хочаце паехаць, С'юзен? — запыталася праз слёзы яе гаспадыня.
— У мяне ёсць брат, які жыве ў вёсцы, фермер у Эсексе, — сказала прыгнечаная горам Ніпер, — ён гадуе многа ка-а-ароў і свіней, і я паеду да яго ў паштовай карэце і астануся ў яго, і не турбуйцеся аба мне, бо ў мяне ёсць грошы ў ашчаднай касе, дарагая мая, і я нізавошта, нізавошта не магла-б паступіць цяпер на іншае месца, ненаглядная мая гаспадыня! — С'юзен скончыла сваю прамову горкім плачам, які, на шчасце, быў перапынен голасам місіс Піпчын, што пачуўся знізу, пасля чаго С'юзен выцерла свае чырвоныя і прыпухлыя вочы і зрабіла