Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/434

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Адно вялікае няшчасце, больш страшнае, чым усе астатнія, прамінула Фларэнс. У яе ніколі не з'яўляліся падазрэнні, што Эдзіт сваёй пяшчотнасцю да яе павялічвала адлегласць, якая аддзяляла яе ад бацькі, або давала новы повад для непрыязні. Калі-б Фларэнс дапусціла такую магчымасць, якое-б гэта было для яе гора, якую афяру пастаралася-б яна прынесці, бедная, любячая дзяўчынка!

Ніколі ніводным словам не абменьваліся аб гэтым цяпер Фларэнс і Эдзіт. Эдзіт сказала аднойчы, што ў гэтым іх павінна раздзяляць прорва і маўчанне, падобнае да самой смерці, і Фларэнс адчувала, што яна ў правах.

Такія былі справы, калі яе бацьку прывезлі дадому ў муках і бездапаможнасці, і ён панура адасобіўся ў сваіх пакоях, дзе яго даглядалі слугі і дзе яго не наведала Эдзіт, і ў яго не было ніводнага сябра або прыяцеля, апрача містэра Каркера, які пайшоў ад яго каля поўначы.

— Што і казаць, прыемнае грамадства, міс Флой, — сказала Ніпер. — О, гэта сапраўдны скарб! Калі яму калі-небудзь патрэбна будзе рэкамендацыя, не раю па яе прыходзіць да мяне — вось усё, што я магу яму сказаць.

— Любая С'юзен, — перапыніла Фларэнс, — кіньце!

— О, лёгка сказаць «кіньце», міс Флой, — запярэчыла Ніпер, вельмі раззлаваная, — але, прашу прабачэння, у нас адбываюцца такія рэчы, што ўся кроў у жылах ператвараецца ў калючыя шпількі і іголкі. Не падумайце дрэннага, міс Флой, я нічога не маю супраць вашай мачыхі, якая заўсёды абыходзілася са мною, як належыць лэдзі, аднак, павінна сказаць, яна досыць фанабэрыстая, хоць я і не маю права пярэчыць супроць гэтага, але калі справа даходзіць да ўсялякіх місіс Піпчын, і іх прызначаюць камандаваць намі, і яны пільнуюць ля дзвярэй вашага татулі, як кракадзілы (добра яшчэ, што яны яек не нясуць!), нам гэта ўжо вельмі крыўдна!

— У таты добрая думка наконт місіс Піпчын, С'юзен, — запярэчыла Фларэнс, — і ён, ведаеце, мае права выбіраць сабе эканомку. Калі ласка, кіньце!

— Ну, што-ж, міс Флой, — адазвалася Ніпер, — калі вы скажаце «кіньце», спадзяюся, я заўсёды канчаю, але місіс Піпчын дзейнічае на мяне, як зялёны агрэст, міс, ніколькі не лепш.

С'юзен была надзвычай узрушана і ў сваёй гаворцы ставілася з надзвычайнай пагардай да знакаў прыпынку ў той вечар, калі містэра Домбі прывезлі дадому, бо, калі Фларэнс паслала яе ўніз запытацца пра яго здароўе, яна вымушана была перадаць сваё даручэнне свайму смяротнаму ворагу, місіс Піпчын, а тая ўзяла на сябе смеласць, не даводзячы аб ім да ведама містэра Домбі, даць адказ, які міс Ніпер назвала крыўдным. У гэтым адказе С'юзен Ніпер убачыла дзёрзкасць з боку гэтай узорнай афяры Перуанскіх капальняў і пагардлівыя адносіны да сваёй маладой гаспадыні, якіх нельга было дараваць;

430