рацца каб не трэсла, яны ехалі амаль што ступою, і было ўжо зусім цёмна, калі яго прывезлі дадому. Місіс Піпчын, кіслая і панурая і трымаўшая ў памяці Перуанскія капальні, у чым мела падставу пераканацца ўсё насельніцтва дома, сустрэла яго ля дзвярэй і расшавяліла слуг, некалькі разоў апырснуўшы іх слоўным воцатам, пакуль яны пераносілі яго ў пакой. Містэр Каркер не пакідаў містэра Домбі, пакуль яго не паклалі ў пасцель, а пасля той не захацеў бачыць асоб жаночага полу, за выключэннем надзвычайнай Людаедкі, і містэр Каркер яшчэ раз наведаў місіс Домбі, каб расказаць пра становішча яе мужа.
Ён зноў застаў Эдзіт разам з Фларэнс і зноў звярнуўся з заспакойваючымі словамі да Эдзіт, нібы яна была афярай неспакою. З такім запалам выказваў ён сваё спачуванне, што, на развітанне, адважыўся, зірнуўшы папярэдне яшчэ адзін раз у бок Фларэнс, узяць яе руку і, схіліўшыся, паднесці да губ.
Эдзіт не забрала руку і не выцяла яго гэтай рукой па бледным твары, хоць румянец заліў яе шчокі, яркі агеньчык загарэўся ў вачах і яна выпрасталася ўсім станам. Але, астаўшыся адна ў сваім пакоі, яна стукнула па каміннай паліцы так, што ад аднаго ўдару на руцэ паказалася кроў, і працягнула яе да агню, які палаў у каміне, як быццам хацела сунуць яе ў агонь і спаліць.
РАЗДЗЕЛ XLIII
Бяссонная ноч.
Фларэнс, якая даўно ўжо абудзілася ад сваіх мар, з сумам сачыла за адчужанасцю паміж яе бацькам і Эдзіт, бачыла, што прорва паміж імі ўсё шырыцца, і ведала, што горыч накапляецца з кожным днём.
Яна бачыла, што з Эдзіт бацька халодны і сухі таксама, як і з ёю, суровы, няўмольны, непахісны. Ці не зрабіла такое абыходжанне няшчаснай і яе родную маці, са слязмі на вачах пыталася яна ў самой сабе, і тая зачэзла і памерла? Пасля яна думала аб тым, якая ганарлівая і велічная Эдзіт з усімі, толькі не з ёю, з якой пагардай ставіцца яна да яго, як цураецца яго і што сказала яна ў той вечар, калі вярнулася дадому; і раптам Фларэнс пачынала здавацца амаль не злачынным, што яна любіць тую, якая варожа настроена да яе бацькі, і што ў адзіноцтве свайго пакоя бацька, ведаючы аб гэтым, павінен лічыць яе пачварнай дачкой, якая зрабіла новы грэх, павялічыўшы старую віну. Першае ласкавае слова Эдзіт, першы ласкавы позірк праганяў гэтыя думкі, і яны рабіліся праяўленнем чорнай няўдзячнасці; хто, калі не яна, ажывіла сумнае сэрца Фларэнс, такое адзінокае і такое змучанае, і была лепшым яго ўцяшальнікам?