чалавек, які заробіць добрую суму грошай, абавязан кінуць справу і Карнелія была-б такой памочніцай, якой кожны можа ганарыцца. У адказ на гэта містэр Тутс пачынае выхваляць міс Домбі і намякаць, што іншы раз ён не супраць пусціць сабе кулю ў лоб. Містэр Фідэр упарта называе гэты крок лёгкадумнасцю і, хочучы прымірыць яго з жыццём, паказвае яму партрэт Карнеліі ў акулярах і з усімі іншымі яе атрыбутамі.
Так праводзіць вечар гэта скромная пара, а калі вечар саступае месца ночы, містэр Тутс праводзіць дадому містэра Фідэра і развітваецца з ім ля дзвярэй доктара Блімбера. Але містэр Фідэр толькі падымаецца на ганак, а пасля адыходу містэра Тутса зноў спускаецца ўніз, бадзяецца ў адзіноце па беразе і разважае пра свае віды на будучае.
Містэр Тутс у сваю чаргу бадзяецца вакол футляра, у якім захоўваецца яго жамчужына, і ў надзвычай дрэнным настроі, выклікаючы некаторыя падазрэнні ў палісменаў, паглядае на акно, у якім бачыць святло, і ніколькі не сумняваецца, што гэта акно ў пакоі Фларэнс. Але ён памыляецца, бо гэта спальня місіс Ск'ютон. Уродлівая і змучаная, яна ляжыць, не знаходзячы спакою, на сваёй пасцелі, а каля яе, наводзячы жах сваёй абыякавай прыгажосцю, бо жах адлюстроўваецца ў цямнеючых вачах пакутніцы, сядзіць Эдзіт. Што гавораць ім хвалі ў цішыні ночы?
— Эдзіт, чыя гэта каменная рука паднялася, каб ударыць мяне? Няўжо вы яе не бачыце?
— Там нічога няма, мама, гэта вам толькі здалося.
— Толькі здалося! Усё мне здаецца. Глядзіце! Ды няўжо вы яе не бачыце?
— Дапраўды, мама, там нічога няма. Ды хіба я так сядзела-б спакойна, калі-б там штосьці было?
— Так спакойна? — Яна кідае на яе спалоханы позірк. — Цяпер гэта знікла… а чаму вы так спакойны? Ужо гэта мне не здаецца, Эдзіт. Я ўся халадзею, бачачы, як вы сядзіце каля мяне.
— Мне вельмі шкада, мама.
— Шкада! Вам заўсёды кагосьці шкада. Але толькі не мяне!
Пры гэтым яна пачынае плакаць і, нервова торгаючы галавой па падушцы, мармыча аб пагардлівых да яе адносінах і аб тым, якой яна была маткай і якой маткай была гэта добрая старая, якую яны сустрэлі, і якія няўдзячныя дочкі ў такіх матак. У разгар гэтай бязладнай гаворкі яна раптам змаўкае, глядзіць на дачку, усклікае, што ў яе ў галаве муціцца, і хавае твар у падушку.
Эдзіт спагадліва нахіляецца і заве яе. Хворая старая абвівае рукою яе шыю і з жахам мармыча.
— Эдзіт! Мы хутка паедзем дадому, хутка вернемся. Вы ўпэўнены, што я вярнуся дадому?
— Так, мама, упэўнена.
Кожную ноч гарыць святло ў акне, і жанчына ляжыць на ложку, і Эдзіт сядзіць каля яе, і неспакойныя хвалі цалюткую