Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/419

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

усмешкай, — і я ўпэўнена, што вы хочаце толькі сказаць мне «да пабачэння».

— Зразумела, міс Домбі, — кажа містэр Тутс, — гэта я і хачу сказаць. Гэта не мае ніякага значэння.

— Да пабачэння! — ускліквае Фларэнс.

— Да пабачэння, міс Домбі, — мармоча містэр Тутс. — Спадзяюся, вы нічога дрэннага не падумаеце. Гэта… гэта не мае ніякага значэння, дзякую вам. Гэта не мае абсалютна ніякага значэння.

Няшчасны містэр Тутс у поўнай роспачы вяртаецца ў сваю гасцініцу, замыкаецца ў спальні, кідаецца на ложак і вельмі доўга ляжыць: падобна да таго, што гэта ўсё-такі мае велізарнае значэнне. Але містэр Фідэр, бакалаўр мастацтваў, з'яўляецца на абед — на шчасце для містэра Тутса, бо ў праціўным выпадку невядома, калі-б ён устаў. Містэр Тутс нехаця ўстае, каб сустрэць яго і аказаць яму гасцінны прыём.

І добратворны ўплыў гэтай соцыяльнай добрадзейнасці — гасціннасці (не кажучы ўжо пра віно і надзвычайны пачастунак) — адкрывае сэрца містэра Тутса і робіць яго гаваркім. Ён не гаворыць містэру Фідэру, бакалаўру мастацтваў, аб тым, што здарылася на рагу пляца, але, калі містэр Фідэр пытаецца ў яго «калі-ж гэта адбудзецца», містэр Тутс адказвае, што «ёсць прадметы, аб якіх…», і тым самым адразу-ж ставіць на месца Фідэра. Далей містэр Тутс выказвае здзіўленне: якое права меў Блімбер звяртаць увагу на яго з'яўленне ў прысутнасці міс Домбі! Калі-б ён, Тутс, захацеў палічыць гэта дзёрзкасцю, ён вывеў-бы яго на чыстую ваду, не гледзячы на тое, што ён — доктар, але, думае ён, гэта тлумачыцца толькі невуцтвам Блімбера. Містэр Фідэр кажа, што ніколькі ў гэтым не сумняваецца.

Між іншым, містэру Фідэру, як закадычнаму сябру, дазваляецца закранаць нейкі прадмет. Містэр Тутс патрабуе толькі, каб пра яго гаварылі таямніча і з пачуццём. Пасля некалькіх шклянак віна ён прапаноўвае выпіць за здароўе міс Домбі, дадаўшы: «Фідэр, вы нічога не разумееце аб тым, з якімі пачуццямі я прапаноўваю гэты тост». Містэр Фідэр адказвае: «О, не, разумею, дарагі мой Тутс, і яны робяць вам гонар, старына». Містэр Фідэр поўніцца дружалюбнасцю, паціскае руку і кажа, што калі Тутсу патрэбен будзе калі-небудзь, брат, — Тутс ведае, дзе знайсці яго. Містэр Фідэр гаворыць таксама, што ён парэкамендаваў-бы містэру Тутсу — калі ён хоча выслухаць яго параду — навучыцца граць на гітары або хоць-бы на флейце, бо жанчыны, калі вы да іх заляцаецеся, любяць музыку, і ён сам у гэтым пераканаўся.

Гэта вымушае містэра Фідэра, бакалаўра мастацтваў, прызнацца, што ён мае на прымеце Карнелію Блімбер. Ён гаворыць містэру Тутсу, што нічога не мае супраць акуляраў, і калі доктар мае намер зрабіць пахвальны ўчынак і пакіне весці справу, ну што-ж, у такім выпадку яны будуць забяспечаны. На яго думку

415