Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/414

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Так, мілэдзі, — прысядаючы, сказала старая. — Там, у Уорыкшыры, раніцой у гаі. Калі вы нічога не хацелі мне даць. Ну, а джэнтльмен — той даў мне! Ды благаславіць яго бог, ды благаславіць яго бог! — прашамкала старая, падымаючы кастлявую руку да неба і агідна ўсміхаючыся сваёй дачцы.

— Не пераконвайце мяне, Эдзіт! — злосна сказала місіс Ск'ютон, папярэджваючы супярэчанне з яе боку. — Вы нічога ў гэтым не разумееце. Я не хачу, каб мяне пераконвалі. Я ўпэўнена, што гэта надзвычайная жанчына і добрая маці.

— Так, так, мілэдзі, — затарабаніла старая, прагна працягваючы руку. — Дзякую вам, мілэдзі! Ды благаславіць вас бог, мілэдзі! Дабаўце яшчэ шэсць пенсаў, дарагая лэдзі, вы-ж самі добрая і пяшчотная маці.

— Запэўняю вас, мая слаўная старэнькая, са мною таксама абыходзяцца іншы раз вельмі непачціва, — захныкала місіс Ск'ютон. — Вось, вазьміце! Паціснем адна другой руку. Вы добрая старэнькая, у вас столькі гэтага… як яно там называецца… і ўсяго такога. Вы поўны любові і так далей, хіба не праўда?

— О, так, мілэдзі!

— Я ўпэўнена, што вы такая; такі і гэты сапраўдны джэнтльмен, Грэйнджбі. Я павінна яшчэ раз паціснуць вам руку. А цяпер ідзіце! І я спадзяюся, — звярнулася яна да яе дачкі, — што вы праявіце больш удзячнасці і натуральнага, як яно там называецца, і ўсяго такога — я ніколі не магла запомніць гэтыя назвы, — бо не было на свеце лепшай маці, чым гэта добрая старэнькая. Ідзем, Эдзіт!

Калі разваліны Клеапатры, хныкаючы, пацягліся назад і, памятаючы аб румянах, асцярожна выціралі слёзы, старая пакандыбала ў другі бок, шамкаючы і пералічваючы грошы. Больш ніводным словам не абмяняліся Эдзіт і маладая жакчына, не зрабілі ніводнага жэста, але абедзве ні на секунду не зводзілі вачэй адна з другой. Так стаялі яны тварам да твара, пакуль Эдзіт, нібы прачнуўшыся, не прайшла павольна ўперад.

— Вы прыгожая жанчына, — прамармытаў яе цень, пазіраючы ёй услед, — але прыгажосць нас не выратоўвае. І вы гордая жанчына, але гордасць нас не выратоўвае. Мы павінны пазнаць адна другую, калі сустрэнемся зноў.


РАЗДЗЕЛ XLI

Новыя галасы ў хвалях.

Усё ідзе так, як з даўніх часоў ішло. Хвалі ахрыплі, паўтараючы сваю таямнічую гаворку; пясок навалены на беразе; марскія птушкі ўзлятаюць і лунаюць; вятры і воблакі ляцяць па нявызнаных сваіх шляхах; белыя рукі вабяць у месячным святле, заклікаючы ў нябачаную, далёкую краіну.

410