Капітан Катль не чакаў таго, што здарылася, нават ад такога вялікага чалавека, і ледзь мог гэтаму паверыць, хоць бачыў уласнымі вачыма, як Бансбі, смела ступіўшы ўперад, абхапіў місіс Мак-Стынджэр сваёй калматай сіняй рукой і так супакоіў яе гэтым магічным жэстам і нямногімі словамі — больш ён нічога не сказаў, — што яна, зірнуўшы на яго, залілася слязмі і заўважыла, што дзіця — і тое можа цяпер узяць над ёю верх, у такім прыгнечаным становішчы яна была.
Пазбаўлены магчымасці размаўляць, не памятаючы сябе ад здзіўлення, капітан бачыў, як Бансбі паціхеньку пацягнуў гэту неўгамонную жанчыну ў краму, вярнуўся па ром, ваду і свечку, занёс усё гэта да яе і супакоіў яе, не прамовіўшы, як відаць, ніводнага слова. Неўзабаве ён у сваёй лоцманскай куртцы зайшоў у гасціную і сказаў: «Катль, я пайду, каб канваіраваць яе дадому», а капітан Катль, збянтэжаны больш, чым калі-б яго самога закавалі ў кайданы для суправаджэння на Брыг-плейс, убачыў, як уся сям'я, на чале з місіс Мак-Стынджэр, мірна рушыла адзін за адным.
Трывожныя думкі, што, можа, ён трызніць у сне і яму ўяўляюцца здані, а зусім не сям'я, створаная з плоці і крыві, не давалі спакою капітану спачатку, калі ён вярнуўся ў маленькую гасціную і астаўся ў адзіноце. Бязмежная вера ў мудрага камандзіра «Асцярожнай Клары» і бязмежнае захапленне ім перамаглі і ўзрушылі капітана.
Аднак, па меры таго як ішоў час, а Бансбі ўсё яшчэ не было, у капітана пачалі ўзнікаць пакутлівыя сумненні іншага гатунку. Магчыма, Бансбі ўмела завабілі на Брыг-плейс і трымаюць там у зневаленні як заложніка за яго сябра; у такім выпадку капітану, як сумленнаму чалавеку, належыць вызваліць яго, афяраваўшы ўласнай свабодай. Магчыма, Бансбі быў атакаваны і пераможаны місіс Мак-Стынджэр і саромеўся паказацца на вочы пасля свайго паражэння. І, нарэшце, як трэба зрабіць яму, капітану Катлю, у тым выпадку, калі ён больш нічога не пачуе ні пра Мак-Стынджэраў, ні пра Бансбі, што здавалася вельмі магчымым пры такім цудоўным і непрадбачаным збегу акалічнасцей?
Аб усім гэтым ён разважаў, пакуль не змарыўся, а Бансбі ўсё не было. Ён прымайстраваў сабе пасцель пад прылаўкам, падрыхтаваўшыся спаць; Бансбі ўсё не было. Нарэшце, калі капітан ужо не спадзяваўся ўбачыць яго, прынамсі ў гэты вечар, і пачаў распранацца, пачуўся стук колаў, які замёр ля дзвярэй, пасля чаго грымнуў вокліч Бансбі.
Капітан задрыжэў ад думкі, што яму не ўдалося пазбавіцца ад місіс Мак-Стынджэр і ён прывёз яе назад у карэце.
Не! Бансбі з'явіўся толькі ў суправаджэнні вялікага куфра, які ён уласнаручна ўцягнуў у краму, і, ледзь паспеўшы ўцягнуць, сеў на яго. Капітан Катль пазнаў у ім свой куфар, які ён па-