Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/401

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

кінуў у доме місіс Мак-Стынджэр, і, паглядзеўшы больш уважліва, са свечкаю ў руцэ, на Бансбі, падумаў, што таму мора па калені, або, прасцей кажучы, што ён п'яны. Між іншым, пераканацца ў гэтым было цяжка: у камандзіра і ў цвярозым выглядзе на фізіяноміі абсалютна нічога нельга было ўбачыць.

— Катль, — сказаў камандзір, устаючы з куфра і адчыняючы века, — гэта вашы манаткі?

Капітан зірнуў у куфар і пазнаў сваю маёмасць.

— Справа зроблена ўдала. Ці не праўда, прыяцель? — запытаўся Бансбі.

Удзячны і ўзрушаны капітан схапіў яго за руку і пачаў вельмі выказваць сваё здзіўленне, але Бансбі, вырваўшы руку, зрабіў спробу падміргнуць сваім крутлівым вокам, і намаганне гэта ледзь не пазбавіла яго роўнавагі дзякуючы таму становішчу, у якім ён быў. Пасля ён рэзка расчыніў дзверы і вельмі хутка вышаў, каб вярнуцца на борт «Асцярожнай Клары» — як відаць, такі быў нязменны яго звычай, калі ён лічыў, што ён астаўся пераможцам.

Капітан у наступную-ж раніцу зноў пачаў сваё адзінотнае жыццё і не раз яго, раніцамі, у поўдзень і вечарам, ахаплялі цяжкія развагі пра старога Соля Джылса, пра думкі Бансбі адносна старога і пра тое, ці ёсць надзея на яго зварот. Такое раздум'е ўмацоўвала надзеі капітана Катля, і ён чакаў інструментальнага майстра ля дзвярэй, асмельваючыся рабіць гэта цяпер, калі ён дзіўным чынам здабыў свабоду, — ставіў яго крэсла на звычайнае месца і прыводзіў у парадак маленькую гасціную, як раней, у выпадку, калі той вернецца дадому нечакана. У сваёй стараннасці ён зняў таксама з цвіка маленькі партрэт Уолтэра-школьніка, баючыся, каб ён не зрабіў цяжкога ўражання на старога, калі той вернецца. Іншы раз у капітана ўзнікала прадчуванне, што ён з'явіцца ў такі та дзень, а неяк у нядзелю ён нават заказаў два абеды — такая вялікая была яго надзея. Але стары Саламон не з'яўляўся. А суседзі па-ранейшаму наглядалі, як чалавек, падобны да марака, у глянцавітым капялюшы, стаіць вечарамі ў дзвярах крамы і ўважліва глядзіць на вуліцу.

РАЗДЗЕЛ XL

Сямейныя адносіны.

Было-б ненатуральна, калі-б чалавек з такім характарам, як містэр Домбі, сустрэўшы супроцьдзеянне з боку такой энергічнай асобы, якую ён супроць сябе ўзняў, змякчыў уладны і суровы свой нораў або калі-б халодная, непранікальная броня

397