экіпажа старога судна; ён прыняў камандаванне маленькім Мічманам, а памочнікам у яго быў Роб; ён хацеў выканаць свой абавязак у адносінах да яго і любіў хлопчыка, нібы яны абодва пацярпелі крушэнне і былі выкінуты ўдваіх на незаселены востраў. А цяпер, калі па віне вераломнага Роба недаверлівасць, здрада і подласць уварваліся нават у гасціную, якая была як быццам свяшчэнным месцам, капітан Катль адчуў, што і гасціная можа затануць, і ён не вельмі што здівіўся-б, калі-б яна пайшла на дно, і не адчуў-бы вялікага смутку.
Таму капітан Катль чытаў газету з вялікай увагай, але ні слова не разумеў; таму капітан Катль нічога не сказаў самому сабе пра Роба і зусім не хацеў прызнаць, што калі ён адчувае сябе адзінокім, як Рабінзон Крузо, то Роб мае да гэтага нейкія дачыненні.
Нарэшце, капітан вырашыў скарыстаць пасцель пад прылаўкам і, будучы адзіным вартаўніком усёй маёмасці, уладжвацца на ноч тут, а не наверсе.
Цяпер капітан Катль уставаў з гэтай пасцелі штодзенна ў шэсць гадзін раніцы і нахлабучваў глянцавіты капялюш, нібы адзінокі Крузо, які завяршае свой туалет шапкай з казінай скуры; і хоць страх яго перад набегам дзікага племя, Мак-Стынджэр, зменшыўся, як і рассейваліся апасенні гэтага адзінокага марака, калі на працягу доўгага часу не было відаць ніякіх прызнакаў людаедаў, капітан па заведзенаму парадку захоўваў абарончыя меры і ўбачыўшы капялюшык па-ранейшаму хаваўся ў сваю крэпасць для назіранняў. За гэты час (на працягу якога містэр Тутс не наведваў яго ні разу, напісаўшы, што выязджае з горада) гук яго ўласнага голасу пачаў здавацца яму дзіўным.
Калі мінуў гадавы тэрмін, капітан Катль палічыў патрэбным ускрыць пакет, але ён заўсёды меў намер зрабіць гэта ў прысутнасці Роба Тачыльшчыка, які прынёс яму пакет, думаючы, што да месца і правільна ўскрыць яго ў прысутнасці пабочнай асобы; і цяпер, не маючы сведак, ён апынуўся ў цяжкім становішчы. У часе гэтых затрудненняў ён з асаблівай радасцю прачытаў аднойчы аб'яву ў судновым даведніку аб звароце з кабатажнага плавання «Асцярожнай Клары» (капітан Джон Бансбі) і адразу-ж накіраваў гэтаму філосафу пісьмо па пошце, прадпісваючы захаванне поўнай таямніцы адносна свайго месцажыхарства і просячы прысці неадкладна вечарам.
Бансбі, які належаў да тых мудрацоў, што дзейнічаюць па пераконанню, патрэбна было некалькі дзён, перш чым у галаву яго канчаткова пранікла пераконанне, што ім атрымана такое пісьмо. Але, сутыкнуўшыся шчыльна з фактам і аўладаўшы ім, ён адразу-ж паслаў свайго юнгу з паведамленнем: «Прыду сёння ўвечары».
Капітан, вельмі задаволены весткай, прыгатаваў люлькі, ром і ваду і чакаў свайго наведвальніка ў задняй гасцінай. У восем