Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/395

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гадзін глухое мычэнне ля ўваходных дзвярэй — здавалася, што гэта было мычэнне марскога быка, — а пасля пастукванне кіем па панелі абвясцілі настарожанаму слыху капітана Катля, што Бансбі з'явіўся на борт; капітан адразу-ж упусціў яго, калматага, з флегматычнай фізіяноміяй колеру чырвонага дрэва; як звычайна ён не заўважаў таго, што адбывалася перад ім, але ўважліва назіраў нешта, што адбывалася ў другой частцы Свету.

— Бансбі, — усклікнуў капітан, схапіўшы яго за рукуў, — як маецеся? Прыяцель, як маецеся?

— Браце, — адказаў голас, які даносіўся ад Бансбі і не меў, здавалася, ніякіх адчосін да самага камандзіра, — не дрэнна!

— Бансбі, — прадаўжаў капітан, аддаючы вялікую пашану генію, — вось вы тут! Чалавек, які можа выказаць думку, што блішчыць ярчэй за брыльянты! Вось вы тут, у гэтым самым пакоі, выказалі сваю думку, якая аказалася справядлівай да астатняга слова.

Капітан у гэта шчыра верыў.

— Так, так! — прабурчэў Бансбі.

— Да апошняга слова, — сказаў капітан.

— А чаму? — прабурчэў Бансбі, упершыню глянуўшы на свайго сябра. — У якім напрамку? Калі так, то чаму-б і не? Вось што!

Праказаўшы гэтыя таямнічыя словы — у капітана яны ледзь было не выклікалі галавакружэння (у такое бяздоннае мора вывадаў і здагадак акунулі яны яго) — мудрэц дазволіў зняць з сябе лоцманскую куртку і пайшоў за сваім сябрам у заднюю гасціную, дзе рука яго неўзабаве ўзялася за бутэльку з ромам, скарыстаўшы якую, ён прыгатаваў шклянку самага моцнага грогу, а ўслед за гэтым за люльку, якую ён напхаў, запаліў і пачаў курыць.

Капітан Катль, капіруючы ў гэтым свайго госця, але не могучы захаваць уважлівы і бестурботны выгляд, які адрозніваў праслаўленага камандзіра, сядзеў з другога боку каміна, пачціва назіраў за ім і як быццам чакаў заахвочання або праяўлення зацікаўленасці з боку Бансбі, каб перайсці да ўласных спраў. Але з прычыны таго, што філосаф колеру чырвонага дрэва, як відаць, не адчуваў нічога, апрача цеплыні і табачнага дыму, і абмежаваўся толькі тым, што выняў з рота люльку, каб вызваліць месца для шклянкі, і хрыпла адрэкамендаваўся Джэкам Бансбі — заява, якая мала дапамагала пачатку размовы, — капітан, кароткай хвалебнай прамовай заклікаўшы яго да ўвагі, расказаў усю гісторыю аб знікненні дзядзькі Соля, аб змене, што адбылася ў яго ўласным жыцці і лёсе, і ў заключэнне паклаў на стол пакет.

Пасля доўгага маўчання містэр Бансбі кіўнуў галавою.

— Распячатаць? — запытаўся капітан.

Бансбі зноў кіўнуў.

391