на мяне ўвагі. А вы, сэр, калі захочаце, закурыце сваю люльку, праўда?
— Дзякую вам, пані, — сказаў містэр Тудль. — Так, я пабалуюся тутуном.
— З вашага боку гэта вельмі ласкава, сэр, — адазвалася міс Токс, — і дапраўды, я вас шчыра запэўняю, што для мяне гэта будзе вялікім уцяшэннем, і калі мне пашчаслівіць даць карысць вашым дзецям, вы мне адплаціце за гэта з верхам, калі заключыце наш маленькі дагавор ціха, мірна і без лішніх слоў.
Дагавор быў тут-жа замацованы, і міс Токс да такой ступені адчула сябе зусім дома, што неўзабаве пачала праводзіць папярэдні допыт усіх дзяцей, чым прывяла ў зачараванне містэра Тудля, — і адзначыла на кавалачку паперы іх узрост, імёны і веды. Гэта цырамонія і балбатня, якая адбывалася разам з ёю, прадаўжаліся аж да той гадзіны, калі сям'я клалася спаць, і затрымала міс Токс ля ачага Тудляў, так што было ўжо надта позна ёй варочацца дадому адной. Аднак, галантны Тачыльшчык, які яшчэ не пайшоў, пачціва прапанаваў праводзіць яе дадому, а з тае прычыны, што для міс Токс мела некаторае значэнне ісці дадому з юнаком, якога містэр Домбі першы апрануў у тыя прыналежнасці мужчынскага туалету, якія не прынята называць, яна вельмі ахвотна прыняла яго прапанову.
Такім чынам, паціснуўшы руку містэру Тудлю і Полі і перацалаваўшы ўсіх дзяцей, міс Токс, заваяваўшая ўсеагульную любоў, пакінула гэты дом.
Роб Тачыльшчык, па скромнасці сваёй, хацеў ісці ззаду, але міс Токс, маючы намер пагутарыць, захацела ісці побач з ім і, як паведаміла яна матцы яго, «выцягнуць з яго што-небудзь па дарозе».
Ён даўся з сябе выцягваць так храбра і з такой гатоўнасцю, што міс Токс была ім зачарована. Чым больш міс Токс з яго выцягвала, тым танчэйшым ён рабіўся — нібы дрот. Не было на свеце лепшага або больш шматабяцаючага юнака — больш любячага, разважлівага, спакойнага, сумленнага, смірнага, шчырага маладога чалавека — чым Роб, з якога ў той вечар нешта выцягвалі.
— Дапраўды-ж, я вельмі рада, — сказала міс Токс, падышоўшы да дзвярэй свайго дома, — што пазнаёмілася з вамі. Спадзяюся, вы будзеце лічыць мяне сваім сябрам і наведваць мяне, калі вам захочацца. У вас ёсць капілка?
— Так, пані, — адказаў Роб. — Я збіраю грошы, каб з часам пакласці іх у банк, пані.
— Вельмі пахвальна, — сказала міс Токс. — Рада гэта чуць. Будзьце ласкавы, пакладзіце ў капілку гэту поўкрону.
— О, дзякую вам, пані, — адазваўся Роб, — але, дапраўды-ж, я не магу пазбаўляць вас гэтых грошай.