сапраўднасць; гэта магло здарыцца і ў той момант дзякуючы позірку цёмных вачэй, што паглядалі на яго, пасля таго, калі яны шпарка і пагардліва слізганулі па акружаючай абстаноўцы, якая служыла яго праслаўленню. Ён мог-бы прачытаць у гэтым адным позірку, што якая-б ні была ўлада багацця, яно не заваюе яму, нават калі павялічыцца ў дзесяць тысяч разоў, ніводнага ласкавага, удзячнага позірку гэтай непакорлівай жанчыны, якая з ім звязана, але якая ўсёй сваёй істотай паўстае супроць яго.
Але далажылі, што абед пададзен, і містэр Домбі павёў Клеапатру; Эдзіт і яго дачка ішлі за імі. Шпарка прайшоўшы міма расстаўленай на буфеце залатой і срэбнай пасуды, нібы гэта была куча смецця, і не паглядзеўшы на акружаючую раскошу, яна ўпершыню заняла сваё месца за яго сталом і сядзела, як статуя.
Містэр Домбі, які і сам вельмі падобен да статуі без усякага нездавальнення бачыў, што яго прыгожая жонка нерухомая, ганарлівая і халодная.
Неўзабаве пасля чаю місіс Ск'ютон, якая прытварылася прыгнечанай і стомленай радасным хваляваннем ад сузірання дарагой дачкі, што зышлася са сваім абраннікам, але якой — ёсць падставы гэта думаць — сямейны вечар паказаўся сумнаватым, бо яна цэлую гадзіну бесперастанку пазяхала, прыкрыўшыся веерам, — місіс Ск'ютон пайшла спаць. Эдзіт таксама вышла моўчкі і больш не з'яўлялася. І здарылася так, што Фларэнс, пабыўшы наверсе, каб паталкаваць з Дыагенам, а пасля вярнуўшыся са сваёй рабочай кашолкай у гасціную, не застала там нікога, апрача бацькі, які хадзіў узад і ўперад па панурым і цудоўным пакоі.
— Прабачце, тата. Мне пайсці? — ціха запыталася Фларэнс, і нерашуча спыняючыся ў дзвярах.
— Не, — адказаў містэр Домбі, азірнуўшыся цераз плячо. — Вы можаце заходзіць сюды, калі захочаце, Фларэнс. Гэта не мой кабінет.
Фларэнс увайшла і села са сваёй работай за столік, што стаяў у баку, апынуўшыся першы раз у жыцці — першы раз на сваёй памяці, пачынаючы з дзіцячых гадоў і аж да гэтай гадзіны, — сам-на-сам з бацькам як з субяседнікам.
Яна дрыжэла, і вочы яе былі затуманены. Яго постаць як быццам рабілася вышэй і расла перад яе вачыма, калі ён хадзіў па пакоі; то яна бачыла яе туманнай і расплыўчатай, то зноў яснай і выразнай; то пачынала ёй здавацца, што ўсё гэта ўжо адбывалася якраз таксама, як цяпер, сотні год таму назад. Яна імкнулася да яго і ў той-жа час уздрыгвала, калі ён набліжаўся.
Стараючыся не засмучаць і не абражаць яго сваім горам, Фларэнс стрымлівалася і спакойна сядзела за работай. Прайшоўшыся яшчэ некалькі разоў па пакоі, ён скончыў сваю пра-