у яе шчасцем дачкі, і гэтыя слязінкі яна ўсё яшчэ з вялікай асцярожнасцю асушвала ражком абшытай карункамі насавой хустачкі, калі ўвайшоў яе зяць.
— Ну, як спадабаўся вам, дарагі Домбі, гэты самы чароўнейшы з гарадоў, Парыж? — запыталася яна, стрымліваючы сваю ўсхваляванасць.
— Там было холадна, — адказаў містэр Домбі.
— Вядома, весела, як заўсёды! — сказала місіс Ск'ютон.
— Не асабліва. Горад паказаўся мне нудным, — заўважыў містэр Домбі.
— Фі, дарагі мой Домбі! Нудным! — гэта было сказана хітра.
— Такое ўражанне ён стварыў на мяне, пані, — спакойна і пачціва сказаў містэр Домбі. — Думаю, місіс Домбі ён таксама здаўся нудным. Яна напомніла аб гэтым разы са два.
— Ах, капрызніца! — усклікнула місіс Ск'ютон, жартуючы з сваёй дарагой дачкой, якая толькі што з'явілася ў дзвярах. — Якія гэта ерэтычныя рэчы гаварылі вы пра Парыж, любачка?
Эдзіт з сумуючым выглядам узняла бровы; прайшоўшы каля дзвярэй, якія былі шырока адчынены, паказваючы анфіладу пакояў, прыгожа і нанова аздобленых, яна ледзь зірнула на іх мімаходзь і села каля Фларэнс.
— Дарагі Домбі, — сказала місіс Ск'ютон, — гэтыя людзі цудоўна выканалі ўсё, аб чым мы ім гаварылі! Дапраўды-ж, яны ператварылі дом у сапраўдны палац.
— Дом прыгожы, — сказаў містэр Домбі, аглядаючыся навакол. — Я сказаў, каб з выдаткамі не лічыліся. Думаю, зроблена ўсё, што маглі зрабіць грошы.
— А чаго яны не могуць зрабіць, дарагі Домбі? — заўважыла Клеаптра.
— Яны магутныя, пані, — сказаў містэр Домбі.
Ён з уласцівай яму велічнасцю паглядзеў на жонку, але тая не сказала ні слова.
— Спадзяюся, місіс Домбі, — падкрэслена звярнуўся ён да яе пасля хвіліны маўчання, — гэтыя змены заслугоўваюць вашай увагі?
— Дом прыгожы, наколькі ён можа быць прыгожым, — адазвалася яна з ганарлівай абыякавасцю. — Вядома, такім ён павінен быць. І, думаю, такі ён і ёсць.
Зняважлівы выраз быў уласцівы гэтаму ганарліваму твару і, здавалася, ніколі яго не пакідаў; але пагарда, што адлюстроўвалася на ім, калі-б ні намякнулі аб зачараванні, пашане і павазе, якія выклікаліся багаццем містэра Домбі, якім-бы ні быў мімалётным і выпадковым намёк, — была зусім іншым і новым пачуццем, якая па напружанасці сваёй нічога агульнага не мела са звычайнай пагардай.
Невядома, ці падазраваў аб гэтым містэр Домбі, атулены сваёй веліччу, але яму здаралася ўжо нямала выпадкаў убачыць