ранейшым месцы, я вас сустрэну, як заўсёды, калі вы будзеце варочацца дадому. Да пабачэння.
Яна стаяла ля дзвярэй, сціснуўшы рукі, і пазірала яму ўслед, калі ён ішоў міма дома па гразкаму і няроўнаму ўчастку, які раней (зусім нядаўна) быў вясёлай лугавінкай, а цяпер ператварыўся ў пустэчу, дзе ўздымаліся над смеццем недабудаваныя бедныя домікі, бязладна раскіданыя, нібы яны былі тут пасеяны няўмелай рукою. Кожны раз, калі ён азіраўся — ён азірнуўся разы са два, — яе мілы твар асвятляў яго, як светлы прамень. Але калі ён пайшоў далей і больш яе не бачыў, у яе на вачах выступілі слёзы, пакуль яна праводзіла яго позіркам.
Яна нядоўга стаяла ў задуменні ля дзвярэй. Патрэбна было выконваць штодзённыя абавязкі, брацца за штодзённую работу, бо гэтыя звычайныя людзі, у якіх няма нічога гераічнага, часта працуюць безупынку, — і Херыет неўзабаве занялася сваімі хатнімі справамі. Калі з імі было скончана і мізэрны домік вычышчан і прыведзен у парадак, яна з заклапочаным выглядам пералічыла грошы — іх было мала — і ў задуменні вышла з дому купіць харчы на абед, прыдумляючы, як-бы зэканоміць.
Пакуль яна адсутнічала і нікога не было ў доме, да яго падышоў, але не з таго боку, куды пайшоў брат, джэнтльмен, магчыма, ужо не зусім малады, але здаровы, квітнеючы і статны, з вясёлым, ясным тварам, прыемным і добрадушным. Бровы ў яго былі яшчэ чорныя, чорнымі былі і валасы, але сівізна ўжо прыкметна іх пасрэбрыла і прыгожа адцяняла шырокі чысты лоб і сумленныя вочы.
Пастукаўшы Ў дзверы і не атрымаўшы адказу, джэнтльмен сеў на лаўку на ганачку і пачаў чакаць. Спрытны рух пальцаў, якімі ён барабаніў па лаўцы, напяваючы і адбіваючы такт, нібы выяўляў у ім музыканта, а незвычайная прыемнасць, якую ён адчуваў, напяваючы нешта вельмі павольнае і цягучае, пазбаўленае пэўнага матыву, здавалася, выяўляла ў ім знаўцу музыкі.
Джэнтльмен усё яшчэ развіваў музычную тэму, якая бясконца кружылася, закручвалася і круцілася вакол сябе накшталт пробачніка, які круцяць на стале, і зусім не набліжалася да канца, калі паказалася Херыет. Убачыўшы яе, ён устаў і стаяў з капелюшом у руцэ.
— Вы зноў прышлі, сэр, — сказала яна, запінаючыся.
— Я адважыўся гэта зрабіць, — адказаў ён. — Ці не можаце вы пагаварыць са мною пяць хвілін?
Пасля нядоўгіх ваганняў яна адчыніла дзверы і ўпусціла яго ў маленькую гасціную. Джэнтльмен усеўся там насупраць яе, прысунуў сваё крэсла да стала і сказаў голасам, які зусім адпавядаў яго выгляду, і з чароўнай простадушнасцю:
— Міс Херыет, вы не можаце быць гордай. У той дзень, калі я зайшоў сюды, вы далі мне зразумець, што вы гордыя. Прабачце, калі я скажу, што я пазіраў вам у твар, калі вы гэта га-