Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/336

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Херыет Каркер перамянілася з таго часу, і на яе прыгажосць паў цень, больш цяжкі, чым той, які можа без пабочнай дапамогі накінуць час, які-б ні быў ён усемагутны, — цень трывогі, смутку і штодзённай барацьбы за нікчэмнае існаванне. Але гэта ўсё яшчэ прыгажосць, і ўсё яшчэ прыгажосць пакорлівая, ціхая, скромная, якую патрэбна шукаць, бо яна не ўмее сябе выстаўляць напаказ; каб умела — яна была-б інакшай.

Так. Гэта кволая, маленькая, цярплівая жанчына, якая апіраецца на чалавека яшчэ не старога, але змучанага і сівога, — гэта яго сястра, якая адна прышла да яго, зганьбіўшага сябе, уклала сваю руку ў яго і з ціхамірным спакоем і рашучасцю бадзёра павяла яго па камяністай сцежцы.

— Цяпер яшчэ рана, Джон, — сказала яна. — Чаму вы так рана ідзеце?

— Толькі на некалькі хвілін раней, чым звычайна, Херыет. Калі ў мяне ёсць вольны час, мне-б хацелася — такое ўжо дзівацтва — прайсці міма таго дома, дзе я з ім расстаўся.

— Шкада, што я яго не ведала і ні разу не бачыла, Джон.

— І гэта лепш, дарагая мая, калі ўспомніць аб яго лёсе.

— Але я не магла-б шкадаваць яго больш, нават калі-б і ведала яго. Хіба ваш смутак — не мой? Але калі-б я яго ведала, магчыма вы, гаворачы пра яго, лічылі-б, што я перажываю вашы пачуцці лепш, чым цяпер.

— Любая мая сястра! Хіба я не ўпэўнен у тым, што няма такой радасці або смутку, якіх-бы вы са мною не перажывалі?

— Спадзяюся, што вы ўпэўнены, Джон, бо гэта праўда!

— Хіба вы маглі-б стаць мне тады мілей або бліжэй, чым цяпер? — сказаў яе брат. — Мне здаецца, што вы яго ведалі, Херыет, і падзялялі мае пачуцці да яго.

Яна абхапіла яго шыю рукой, якая апіралася на яго плячо, і нерашуча адказала:

— Не, не зусім.

— Напэўна, — сказаў ён, — вы думаеце, што я не пашкодзіў-бы яму, калі-б дазволіў сабе бліжэй пазнаёміцца з ім.

— Думаю? Не, я гэта ведаю.

— Богу вядома, што наўмысна я не зрабіў-бы яму зла, — адазваўся ён, сумна ківаючы галавой, — але яго рэпутацыя была вельмі мне дарагой, каб я адважваўся пашкодзіць ёй сваім сяброўствам. Згодны вы з гэтым ці не згодны, дарагая мая?

— Я не згодна, — спакойна сказала яна.

— Тым не менш гэта праўда, Херыет, і ў мяне лягчэй робіцца на душы, калі я, успамінаючы яго, падумаю аб тым, што ў той час мяне засмучала.

Ён абарваў сваю сумную фразу, усміхнуўся ёй і сказаў:

— Да пабачэння.

— Да пабачэння, любы Джон! Увечары, у звычайны час і на

332