Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/335

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У крэсле сядзіць містэр Каркер-загадчык. Стракаты папугай у бліскучай клетцы на стале цярэбіць дзюбай дрот і прагульваецца ўніз галавою па купалу, патрасаючы сваё жыллё і прарэзліва выкрыкваючы; але містэр Каркер не звяртае ўвагі на птушку і з задумлівай усмешкай пазірае на карціну, што вісіць на процілеглай сцяне.

— Так, зразумела, на дзіва выпадковае падабенства, — кажа ён.

На карціне намалёвана жанчына, вельмі прыгожая, якая, стаўшы спіною да гледача, але павярнуўшы да яго цудоўны твар, кідае на яго ганарлівы позірк.

Яна падобна да Эдзіт.

Неахайна махнуўшы рукою ў бок карціны — што гэта, пагроза? Не, але нешта падобнае да пагрозы. Прыліў урачыстасці? Не, але нешта падобнае да ўрачыстасці. Дзёрзкі пацалунак, які сарваўся з вуснаў? Не, але гэта падобна і да пацалунку, — ён зноў пачынае снедаць і аклікае раззлаваную птушку, якая, залезшы ў падвешаны ў клетцы пазалочаны абруч, які нагадвае вялізны шлюбны пярсцёнак, гушкаецца для свайго развесялення.

Другі дом знаходзіцца таксама за Лонданам, але ў іншым баку, недалёка ад вялікай паўночнай дарогі, некалі ажыўленай, а цяпер забытай і пакінутай усімі, апрача спадарожнікаў, што цягнуцца пехатою. Гэта бедны дом, мэбляваны бедна і ўбога, але вельмі чысты, а простыя кветкі, пасаджаныя ля ганку, і вузкі палісаднік сведчаць аб старанні яго ўпрыгожыць.

Мясцовасць, дзе ён пабудаваны, таксама мала падобна да вёскі з усімі яе перавагамі, як і да горада. Гэта не горад і не вёска. Першы, нібы велікан у дарожных ботах, пераступіў цераз яе і апусціў сваю цагляна-вапенную падэшву далёка ўперадзе; але на прасторы, якую пераступіў велікан, размясцілася нейкая гнілая вёска, але не горад; і тут, сярод нямногіх высокіх комінаў, што дзень і ноч выпускаюць дым, і сярод цагляных заводаў і прасёлкаў, дзе скошана трава, дзе абваліліся агарожы, дзе расце пыльная крапіва, дзе яшчэ захавалася дзе-нідзе жывая агарожа і куды яшчэ заглядае іншы раз птушкалоў, хоць і дае клятву, што больш сюды не загляне, — тут знаходзіцца гэты другі дом.

У ім жыве тая, што пакінула першы дом ад кахання да адвержанага брата. З ёю пайшоў з таго дома дух збаўлення і адышоў ад яго гаспадара адзіны яго анёл-ахоўца; але хоць яго прывязанасць да яе астыла, пасля гэтага няўдзячнага і зняважлівага, на яго думку, учынку, і хоць ён у сваю чаргу канчаткова яе пакінуў, успамін пра яе яшчэ жыве нават для яго. Няхай сведчыць аб гэтым яе кветнік, куды ён ніколі не заходзіць, але які захоўваецца, не гледзячы на ўсе дорага каштуючыя яму пераробкі, так, нібы яна пакінула яго толькі ўчора.

331