тварам яе. Усе нягоднікі і хлусы, якія асталіся жывымі, трацілі ўсякае значэнне ў параўнанні з сумленнасцю і справядлівасцю аднаго памёршага сябра.
У такім настроі сумленны капітан, апрача страты Уолтэра, мог уцяміць толькі адно: разам з Уолтэрам амаль што не ўвесь свет капітана Катля пайшоў на дно. Калі іншы раз ён дакараў сябе — і вельмі жорстка — за патуранне нявіннай ілжы Уолтэра, то таксама часта думаў ён пра містэра Каркера, якога ніякія моры не маглі яму вярнуць, і пра містэра Домбі, які, як зразумеў ён цяпер, быў за межамі чалавечага воклічу, і пра Радасць Сэрца, з якой нельга было яму цяпер сустракацца, і пра «Красуню Пег», гэту моцна збітую з тыкавага дрэва і добра снараджаную баладу, якая наляцела на скалу і разбілася на рыфмаваныя трэскі. Капітан, седзячы ў цёмнай краме, разважаў аб гэтым, зусім забыўшыся пра нанесеную яму абразу, і з такім сумам паглядаў на падлогу, нібы перад ім і сапраўды праплывалі ўсе гэтыя абломкі.
Аднак, капітан не забываўся аб тым, каб, па меры сваіх сіл, ушанаваць прыстойна памяць няшчаснага Уолтэра. Прачнуўшыся і разбудзіўшы Роба Тачыльшчыка (які ў штучным поўзмроку моцна заснуў), капітан вышаў з дому са сваім слугой, які ішоў ззаду каля самога яго, і з ключом ад уваходных дзвярэй, які захоўваўся ў кішэні, накіраваўся ў адзін з магазінаў гатовай вопраткі, якіх было так многа ва ўсходнім раёне Лондана, дзе адразу-ж купіў два траурныя касцюмы — адзін для Роба Тачыльшчыка, вельмі вузкі, і адзін для самога сябе, вельмі шырокі. Пасля ён купіў для Роба нейкае падабенства капялюша, які выклікаў зачараванне сваёй суразмернасцю, выгодны і прыгодны як для марака, так і для грузчыка вугалю; гэткі капялюш, які звычайна называлі зюйдвесткай, быў навінкай у краме інструментальнага майстра.
У гэта адзенне, якое, як казаў прадавец, прышлося якраз у меру, што можна было растлумачыць толькі выключна спрыяючым збегам акалічнасцей і фасонам, які не астанецца ў памяці старажылаў, капітан і Тачыльшчык апрануліся адразу-ж, уяўляючы з сябе відовішча, якое вельмі здзіўляла ўсіх, хто на яго глядзеў.
Пераапрануўшыся такім чынам, капітан прыняў містэра Тутса.
— Я засцігнуты знянацку, прыяцель, — сказаў капітан, — і магу толькі пацвердзіць дрэнныя весткі. Перадайце маладой жанчыне, каб яна асцярожна давяла іх да маладой лэдзі, і няхай яны абедзве ніколі больш аба мне не ўспамінаюць — не забудзьцеся сказаць аб гэтым.
Капітан адклаў да больш зручнага моманту вырашэнне пытання аб сяброўстве, прапанаваным яму містэрам Тутсам. Праўду кажучы, капітана Катля апанавала такая нуда, што ў той дзень ён гатоў быў адмовіцца ад мер перасцярогі, ужытых су-