Містэр Домбі, які прывык словы разумець літаральна, напомніў місіс Ск'ютон, што яны павінны сустрэцца спачатку ў царкве.
— Боль, які церпіш, — сказала місіс Ск'ютон, — аддаючы сваё дзіця хоць-бы нават вам, дарагі мой Домбі, — самы пакутлівы, які толькі можна ўявіць; а калі ён спалучаецца з кволым здароўем і калі да гэтага дадаць надзвычайную тупасць кандзіцера, які наладжвае снеданне, — гэта ўжо зусім не для маіх слабых сіл. Эдзіт, дарагая мая! — хітра закрычала яна. — Нехта збіраецца ісці, любачка!
Містэр Домбі з ганарлівай галантнасцю, якая адпавядала яго годнасці і данаму выпадку, накіраваўся ў сваіх скрыпучых ботах, паднёс яе руку да губ і сказаў: «Заўтра раніцой я буду мець шчасце прад'явіць права на гэту руку, як на руку місіс Домбі», і з урачыстым паклонам вышаў.
Эдзіт увесь час сядзела ля цёмнага вакна і пазірала на вуліцу. Астаўшыся, нарэшце, удваіх з маткаю, яна першы раз за ўвесь вечар адышла ад акна і спынілася перад ёю. Пазяхаючая, уся трасучыся, бурклівая маці зірнула на ганарлівую прыгожую фігуру дачкі, якая скіравала на яе пякучы позірк, і было відаць, што яна ўсё разумее: гэтага не магла захаваць маска ветранасці або раздражэння.
— Я вельмі стамілася, — сказала яна. — На вас ні на секунду нельга спадзявацца. Вы горш за дзіця. Дзіця! Ніводнае дзіця не бывае такім упартым і непаслухмяным.
— Выслухайце мяне, маці, — адазвалася Эдзіт, не адказваючы на гэтыя словы, пагардліва адмаўляючыся зважыць на такое глупства.
— Вы павінны астацца тут адна да майго звароту.
— Павінна астацца тут адна, Эдзіт, да вашага звароту? — перапытала маці.
— Або даю клятву, што я адхіляю ў царкве руку гэтага чалавека. Калі я гэтага не зраблю, дык няхай паду мёртвай на каменныя пліты!
— Досыць таго, што мы такія, якія мы ёсць, — цвёрда прадаўжала Эдзіт. — Я не дапушчу, каб яшчэ адно юнае і праўдзівае стварэнне было зніжана да майго ўзроўню. Я не дапушчу, каб яшчэ адну нявінную душу падточвалі, разбэшчвалі і ламалі для забавы сумуючых матак. Вы разумееце, аб чым я гавару: Фларэнс павінна вярнуцца дадому.
— Няўжо сёння, пасля ўсёй маёй працы і клопатаў, калі, дзякуючы мне, вы зробіцеся незалежнай, я павінна выслухоўваць, што ў ва мне — разбэшчанасць і зараза, што я — непадыходзячая кампанія для маладой дзяўчыны? — завішчэла даведзеная да шаленства маці, і, трасучыся, яе галава задрыжэла, як ліст. — Ды што-ж вы такое, скажыце, калі ласка? Што вы такое?
— Я не раз пыталася пра гэта сама ў сябе, калі сядзела вунь там, — сказала Эдзіт, бледная як мярцвяк, паказваючы на