РАЗДЗЕЛ ХХХ
Перад вяселлем.
Хоць зачараванага дома больш не было і рабочыя людзі ўварваліся ў яго і стукалі ўвесь дзень, грукалі і тупалі па лесвіцах, выклікаючы з раніцы да вечара няспынныя прыступы брэху ў Дыагена, яўна пераконанага, што ўрэшце вораг яго перамог і, з урачыстасцю задзіраючыся, рабуе яго ўладанні, — але першы час у жыцці Фларэнс не заўважалася вялікіх перамен. Вечарамі, калі рабочыя выходзілі, дом зноў рабіўся панурым і закінутым, і Фларэнс, слухаючы галасы адыходзіўшых людзей, якія гучна разлягаліся па вестыбюлю і лесвіцах, уяўляла ў думках шчаслівы дамашні ачаг, да якога яны варочаюцца, і дзяцей, што іх чакаюць і ёй радасна было думаць, што яны вясёлыя і ідуць з радасцю.
Аддаючыся думкам пра новую маці, пра любоў і давер'е да яе, якія захлёснулі яе чыстае сэрца, Фларэнс яшчэ больш мацней любіла сваю родную нябожчыцу маці. Яна не баялася, што ў той будзе суперніца ў любві. Кожнае ласкавае слова прыгожай лэдзі гучэла для Фларэнс, як водгулле таго голасу, які даўно спыніўся і змоўк.
Аднойчы Фларэнс сядзела ў сваім пакоі, чытала і думала пра гэту лэдзі і абяцанне неўзабаве наведаць яе — змест кнігі наводзіў на гэтыя думкі, — як раптам, падняўшы позірк, яна ўбачыла яе ў дзвярах.
— Мама! — усклікнула Фларэнс, радасна кідаючыся ёй насустрач. — Вы прышлі!
— Яшчэ не мама, — з задуменнай усмешкай адазвалася лэдзі, абвіўшы рукою шыю Фларэнс.
— Але вельмі хутка ёю будзеце, — сказала Фларэнс.
— Цяпер вельмі хутка, Фларэнс, вельмі хутка.
Яна падвяла Фларэнс да крэсла і села каля яе; Фларэнс пазірала ёй у твар, зачароўвалася яе прыгожасцю і ахвотна пакінула сваю руку ў яе руцэ.
— Вы аставаліся адна, Фларэнс, з таго часу, як я тут была?
— О, так! — з усмешкай адказала Фларэнс.
Яна запнулася і патупілася, бо яе новая мама была вельмі сур'ёзная і ўглядалася пільна і задуменна ёй у твар.
— Я… я прывыкла быць адна, — сказала Фларэнс. — Мне гэта зусім не цяжка. Іншы раз мы з Ды праводзім цэлыя дні ўдваіх.
Фларэнс магла-б сказаць — цэлыя тыдні і месяцы.
— Ды, гэта ваша пакаёўка, дарагая?
— Гэта мой сабака, мама, — са смехам адазвалася Фларэнс. — Маю пакаёўку завуць С'юзен.
— А гэта вашы пакоі? — запыталася Эдзіт, азіраючыся вакол. — Тады мне іх не паказалі. Мы павінны іх упрыгожыць, Фларэнс. Яны будуць лепшымі ва ўсім доме.