хоча быць верным сабе, не гледзячы на сваё скромнае становішча, якое-б яно не было, і як сястра майго брата, і як залоўка жонкі майго брата, і як сваячка маці жонкі майго брата — і няхай будзе мне дазволена дадаць: як Домбі! — я не магу пажадаць вам нічога, апрача добрай раніцы.
Пасля гэтых слоў, сказаных з уедлівай пачцівасцю, змякчонай і ачышчанай ганарыстым усведамленнем маральнай праваты, місіс Чык рушыла да дзвярэй. Падобная да статуі, яна нахіліла галаву нібы здань і накіравалася да карэты шукаць заспакаення і ўцехі ў абдымках містэра Чыка, свайго мужа і ўладара.
Мы гаворым фігуральна: бо рукі містэра Чыка былі заняты газетай. Да таго-ж яшчэ гэты джэнтльмен не агледзеў жонку, а толькі зірнуў на яе мелькам. І зусім не зварухнуўся, каб яе ўсцешыць.
Між тым місіс Чык сядзела абураная і трэсла галавою, нібы ўсё яшчэ паўтарала Лукрэцыі Токс урачыстую формулу развітання. Нарэшце, яна заявіла ўголас: «О, наколькі яна сёння зрабілася відушчай!»
— Наколькі-ж вы сёння зрабіліся відушчай, дарагая мая? — паўтарыў містэр Чык.
— О, не размаўляйце са мною! — усклікнула місіс Чык. — Калі вы маглі, бачачы мяне ў такім стане, не запытацца, што здарылася, то ўжо лепш-бы вы назаўсёды змоўклі!
— А што здарылася, дарагая мая? — запытаўся містэр Чык.
— Падумаць толькі! — сказала місіс Чык, размаўляючы сама з сабою. — У яе зарадзілася агідная думка парадніцца з нашай сям'ёй, ажаніўшыся з Полем! Падумаць толькі, што, гуляючы ў конікі з дарагім хлопчыкам, які спачывае цяпер у магіле, — мне і тады не падабаліся гэтыя гульні, — яна мела ў душы каварны намер!
— Дапраўды, я думаў, дарагая мая, — павольна праказаў містэр Чык, папярэдне пацёршы газетай пераносіцу, — што і ў вас была тая самая мэта аж да сёнешняй раніцы. Здаецца, і вы лічылі, што было-б нядрэнна, калі-б гэты план ажыццявіўся.
Місіс Чык зараз-жа расплакалася і заявіла містэру Чыку, што ўжо калі яму хочацца таптаць яе ботамі, лепш-бы ён так і зрабіў.
Містэр Чык, бясспрэчна, усведамляючы сваю нікчэмнасць, скарыстаў першы зручны выпадак, каб пакінуць карэту на рагу, і пайшоў, пасвістваючы, высока падняўшы плечы і заклаўшы рукі ў кішэні.
А ў гэты час няшчасная адлучаная міс Токс — ліслівая і рабалепная, але тым не менш сумленная і справядлівая, якая нязменна адчувала сапраўды сяброўскія пачуцці да сваёй абвінавальніцы і была цалкам паглынута і ахоплена пракланеннем перад надзвычайным містэрам Домбі, — у гэты час няшчасная адлучаная міс Токс палівала кветкі свае слязмі і адчувала, што на пляцы Прынцэсы запанавала зіма.