Фларэнс, выканаўшы яе жаданне, павярнулася да другой лэдзі, каля якой у чаканні стаяў бацька.
— Эдзіт, — сказаў містэр Домбі, — гэта мая дачка Фларэнс. Фларэнс, гэта лэдзі хутка будзе вашай мамай.
Фларэнс уздрыганулася і зірнула на прыгожы твар.
— О, тата, будзьце шчаслівы! Будзьце вельмі-вельмі шчаслівы ўсё жыццё!
І, плачучы, упала на грудзі лэдзі.
Было кароткае маўчанне. Прыгожая лэдзі, якая спачатку не рашалася, ці падыйсці да Фларэнс, абняла яе і моцна прыціснула да сябе руку, што абвілася вакол яе таліі, нібы хацела супакоіць Фларэнс і ўсцешыць. Ні слова не сарвалася з вуснаў лэдзі. Яна нахілілася да Фларэнс і пацалавала яе ў шчаку, але не сказала ні слова.
— Ці не агледзець нам дом, — запытаўся містэр Домбі, — паглядзець, як ідзе работа? Дазвольце мне, пані.
Пры гэтых словах ён прапанаваў руку місіс Ск'ютон, якая разглядала Фларэнс у ларнет, як быццам спрабавала ўявіць, якой-бы тая зрабілася, калі-б ёй дадаць — бясспрэчна, з уласных невычарпальных запасаў місіс Ск'ютон — трошачкі больш Сэрца і Натуральнасці. Фларэнс усё яшчэ плакала на грудзях лэдзі і прыціскалася да яе, калі з аранжэрэі пачуўся голас містэра Домбі:
— Ну што-ж, запытаемся ў Эдзіт. Ах, божа мой, дзе-ж яна?
— Эдзіт, дарагая мая! — крыкнула місіс Ск'ютон. — Дзе вы? Вядома, яна шукае містэра Домбі. Мы тут, любачка!
Прыгожая лэдзі выпусціла Фларэнс са сваіх абдымкаў і, яшчэ раз дакрануўшыся губамі да яе твара, хутка вышла і далучылася да іх. Фларэнс не кранулася з месца; шчаслівая, сумная, радасная, заплаканая — усё гэта адначасова — яна не ведала, колькі прайшло часу, калі вярнулася яе новая мама і зноў абняла яе.
— Фларэнс, — шпарка сказала лэдзі, пільна пазіраючы ёй у твар, — вы адразу мяне не зненавідзіце?
— Зненавіджу вас, мама? — усклікнула Фларэнс, абдымаючы яе за шыю і пазіраючы ёй у вочы.
— Ціха! Пачніце з таго, што думайце аба мне добра, — сказала прыгожая лэдзі. — Верце, што я пастараюся зрабіць вас шчаслівай і гатова любіць вас, Фларэнс. Бывайце! Мы хутка сустрэнемся зноў. Бывайце! Ідзіце цяпер адсюль, я прашу вас.
Зноў яна прытуліла яе да грудзей — гэтыя словы яна праказала спяшаючыся, але цвёрдым голасам, — і Фларэнс бачыла, як яна вышла да іх, у другі пакой.
І цяпер Фларэнс пачала спадзявацца, што яна навучыцца ад гэтай новай і прыгожай мамы, як заваяваць любоў бацькі; і ў тую ноч, у закінутым старым доме, ёй снілася, што яе родная мама з ззяючай усмешкай благаслаўляе гэту надзею. Мары Фларэнс!