або ў сучасны момант імі ўладае. Але Робу не трэба было брыцца, ён, зразумела, быў не прычэсаны, і не могло быць ніякіх сумненняў у тым, што вопратку, у якую ён быў апрануты, ён носіць даўно.
— А што-б вы сказалі, не нагаварваючы на сябе, — запытаўся капітан, — а якой гадзіне ён адхіліўся ад курса? Ну?
— Я думаю, капітан, — адказваў Роб, — што, напэўна, ён пайшоў неўзабаве пасля таго, як я захроп.
— А якой гадзіне гэта было? — запытаўся капітан.
— Як-жа я магу на гэта адказаць, капітан? — запярэчыў Роб. — Ведаю толькі, што першы сон у мяне моцны, а пад раніцу — чуткі, і калі-б містэр Джылс прайшоў праз краму досвіткам, хоць-бы нават на цыпках, я ўжо абавязкова пачуў-бы, як ён зачыняе дзверы.
Цвяроза абмеркаваўшы гэтае паказанне, капітан Катль пачаў схіляцца да думкі, што інструментальны майстар схаваўся па ўласнаму жаданню. Цяпер капітану трэба было абмеркаваць, куды ён пайшоў і чаго. А з прычыны таго, што ён не бачыў ніякіх шляхоў да вырашэння першага пытання, то і абмежаваў сваё размышленне другім.
Калі капітан успомніў дзіўныя паводзіны старога і развітанне з ім — запал яго нельга было растлумачыць у той час, але ён быў зусім зразумелым цяпер, — у яго ўзнікла страшэннае падазрэнне, што стары, прыгнечаны трывогай і сумам па Уолтэру, прышоў да думкі аб самагубстве. З тае прычыны, што ён быў непрыстасаваны да цяжару штодзённага жыцця, аб чым часта гаварыў сам, і, бясспрэчна, узрушаны выпаўшай на яго долю няўпэўненасцю і надзеямі, якія не збыліся, такая думка здавалася вельмі праўдападобнай.
Вельмі засмучаны і заняпалы духам, капітан Катль палічыў справядлівым вызваліць Роба з-пад арышту, да якога яго прыгаварыў, і даць яму волю пры ўмове ганаровага нагляду за ім, ад якога не меў намеру адмаўляцца. Наняўшы ў маклера Бролі чалавека, які павінен быў у часе адлучак сядзець у краме, капітан узяў з сабою Роба і пачаў сумныя пошукі астанкаў Саламона Джылса.
Ніводзін паліцэйскі ўчастак, ніводзін морг, ніводзін работны дом у сталіцы не ўнікнуў наведвання цвёрдага глянцавітага капялюша. На працягу цэлага тыдня капітан чытаў ва ўсіх газетах і аб'явах пра ўсіх знойдзеных і прапаўшых людзей і ва ўсе гадзіны дня накіроўваўся пазнаваць Саламона Джылса сярод няшчасных маленькіх юнгаў, што ўпалі за борт, і сярод высокіх цёмнабародых іншакраінцаў, што прынялі яд, — «каб пераканацца, — гаварыў капітан Катль, што гэта не ён». І на самай справе гэта быў не ён, і ў добрага капітана другой уцехі не было