Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/260

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Нарэшце, капітан Катль адмовіўся ад гэтых спроб, прызнаўшы іх безнадзейнымі, і пачаў разважаць, што яму цяпер трэба рабіць. Неаднокраць перачытаўшы пісьмо свайго беднага сябра, ён зрабіў заключэнне, што найпершым яго абавязкам з'яўляецца захаваць «дамашні ачаг у старой краме для Уолтэра». Таму капітан вырашыў перасяліцца ў дом Саламона Джылса, заняцца продажам інструментаў і паглядзець, што з гэтага выйдзе.

Але з прычыны таго, што падобны крок патрабаваў адмаўлёння ад кватэры місіс Мак-Стынджэр, а ён ведаў, што гэта энергічная жанчына і слухаць не захоча пра яго пераезд, капітан прышоў да адважнага рашэння ўцячы.

— Паслухайце, прыяцель, — сказаў капітан Робу, калі ў галаве яго выспеў надзвычай выдатны план, — заўтра мяне не будзе на гэтым рэйдзе да ночы, магчыма, прыду пасля поўначы. Але вы будзьце напагатове, пакуль не пачуеце майго стуку, а як толькі пачуеце — бяжыце і адмыкайце дзверы.

— Слухаю, капітан, — сказаў Роб.

— Вы па-ранейшаму будзеце лічыцца ў гэтым журнале, — міласціва прадаўжаў капітан, — і можаце нават атрымаць павышэнне, калі мы з вамі паладзім. Але заўтра ўночы, як толькі пачуеце мой стук, а якой-бы гадзіне гэта не здарылася, бяжыце і хутчэй адчыняйце.

— Будзьце спакойны, капітан, — адказваў Роб.

— Справа ў тым, разумееце, — паясніў капітан, варочаючыся, каб учаўпсці ў галаву яму гэта даручэнне, — што — хто ведае! — магчыма і пагоня; і мяне могуць захапіць, пакуль я буду чакаць, калі вы адчыніце не так жвава.

Роб зноў запэўніў капітана, што будзе пільным і растаропным, і капітан, аддаўшы гэта распараджэнне, у апошні раз накіраваўся дадому да місіс Мак-Стынджэр.

— Мне здаецца, вы не ў сваёй талерцы, і вам варта падмацавацца, — сказала місіс Мак-Стынджэр. — Чаму-б не выпіць за ўвесь час хоць раз бутэльку херэса?

— Ну, што-ж, пані! — адазваўся капітан, — калі вы будзеце настолькі ласкавы і вып'еце адну-дзве шклянкі, я, бадай, не адмоўлюся. Зрабіце ласку, пані, — прадаўжаў капітан, якога разрывала на часткі ўласнае сумленне, — вазьміце з мяне кватэрную плату за квартал уперад!

— А для чаго гэта? — запярэчыла місіс Мак-Стынджэр, запярэчыла рэзка, як здалося капітану.

Капітан быў насмерць перапалохан.

— Вы-б мне зрабілі паслугу, пані, калі-б узялі, — нясмела сказаў ён. — Я не ўмею берагчы грошы. Яны ў мяне плывуць. Я быў-бы вельмі ўдзячан, калі-б вы згадзіліся.

256