РАЗДЗЕЛ XXV
Дзіўныя весткі пра дзядзьку Соля.
Капітан Катль, хоць і не быў гультаём, прачнуўся не вельмі рана; прабіла шэсць гадзін, калі ён прыпадняўся на локці і акінуў позіркам сваю маленькую спальню. Напэўна, вочы капітана выконвалі цяжкую службу, калі ён, прачнуўшыся, расплюшчваў іх заўсёды так шырока, як расплюшчыў ў тую раніцу, і дрэнную атрымалі яны ўзнагароду за сваю пільнасць, калі ён заўсёды праціраў іх з такой-жа лютасцю. Але выпадак быў вельмі-ж ужо незвычайны, бо Роб Тачыльшчык ніколі яшчэ не з'яўляўся ў дзвярах спальні капітана Катля, а цяпер ён стаяў тут, цяжка дыхаючы і пазіраючы на капітана, разгарачаны і ўскудлачаны, нібы толькі што ўстаў з пасцелі.
— Хола! — зароў капітан. — Што здарылася?
Не ўправіўся Роб сказаць слова ў адказ, як перапалоханы капітан усхапіўся з пасцелі і закрыў яму рот рукою.
— Спакойна, прыяцель, — сказаў капітан, — не кажыце мне пакуль ні слова!
Наклаўшы на яго гэту забарону і пазіраючы на свайго наведвальніка з вялікім здзіўленнем, капітан выштурхаў яго паціхеньку ў суседні пакой, затым знік і праз некалькі секунд вярнуўся ў сінім касцюме. Падняўшы руку ў знак таго, што забарона яшчэ не знята, капітан Катль падышоў да буфета і наліў сабе чарачку; такую-ж чарачку ён працягнуў вестуну. Пасля гэтага капітан размясціўся ў кутку, спіной да сцяны, нібы папераджаючы магчымасць быць паваленым на спіну паведамленнем, якое ён павінен быў выслухаць, асушыў чарку і, не зводзячы вачэй з вестуна і пабляднеўшы так, як толькі мог пабляднець, прапанаваў яму «адчальваць».
— Гэта значыць расказаць вам, капітан? — запытаўся Роб, на якога гэтыя меры перасцярогі зрабілі моцнае ўражанне.
— Так! — сказаў капітан.
— Дык вось, сэр, — сказаў Роб, — я мала што магу расказаць. Але-ж паглядзіце сюды!
Роб паказаў звязку ключоў. Капітан уважліва паглядзеў на іх, астаючыся ў сваім кутку і ўважліва паглядзеў на вестуна.
— А паглядзіце сюды! — прадаўжаў Роб.
Хлопчык паказаў запячатаны пакет, на які капітан Катль выпучыў вочы таксама, як выпучваў іх на ключы.
— Калі я прачнуўся сёння, капітан, — прадаўжаў Роб, — прыкладна ў чвэртку шостай, я знайшоў гэта ў сябе на падушцы. Дзверы крамы не былі заперты ні на засаўку, ні на ключ, а містэр Джылс пайшоў.
— Пайшоў! — зароў капітан.
— Знік, сэр, — адказваў Роб.