Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/257

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Голас капітана быў такі страшны, і ён з такой энергіяй рушыў з свайго кутка на Роба, што той адступіўся ў другі куток, працягваючы ключы і пакет з мэтай абараніць сябе ад нападу.

— «Для капітана Катля», сэр, — крыкнуў Роб, — напісана і на ключах і на пакеце! Далібог-жа, капітан Катль, больш я нічога пра гэта не ведаю! Памерці мне на гэтым месцы, калі ведаю! Ну і становішча для хлопца, які толькі што атрымаў пасаду! — заенчыў злашчасны Тачыльшчык, расціраючы сабе твар абшлагом. — Гаспадар уцёк разам з яго пасадай, і яго-ж у гэтым абвінавачваюць!

Гэтыя нараканні выкліканы былі пільным або, правільней, зыркім позіркам капітана Катля, які быў поўны туманных падазрэнняў, пагроз і абвінавачванняў. Узяўшы працягнуты яму пакет, капітан распячатаў яго і прачытаў наступнае:

— «Мой дарагі Нэд Катль, сюды ўкладзена апошняя мая воля»… — капітан з недаверлівым выглядам перагарнуў ліст паперы, — «і завяшчанне»… Дзе завяшчанне? — запытаўся капітан, адразу прад'яўляючы абвінавачанне злашчаснаму Тачыльшчыку. — Што вы з ім зрабілі, прыяцель?

Я яго ў вочы не бачыў, — захныкаў Роб. — Няўжо вы падазраеце ні ў чым нявіннага хлопчыка, капітан? Я не дакранаўся да завяшчання.

Капітан паківаў галавой, даючы зразумець, што нехта павінен несці адказнасць, і ўрачыста прадаўжаў:

— «Якога не распячатвайце на працягу года або да таго часу, пакуль не атрымасце пэўных вестак пра майго дарагога Уолтэра, які дораг і вам, Нэд, у гэтым я ўпэўнены». — Капітан зрабіў паузу і з хваляваннем паківаў галавой; пасля, каб падтрымаць сваю годнасць у гэты напружаны момант, паглядзеў надзвычай сурова на Тачыльшчыка. — «Калі вы ніколі пра мяне не пачуеце і не ўбачыце мяне, Нэд, успамінайце пра старога сябра таксама, як ён будзе ўспамінаць пра вас да апошняй хвіліны — з любоўю; і прынамсі да таго часу, пакуль не міне ўказаны мною тэрмін, захавайце дамашні ачаг у старой краме для Уолтэра. Даўгоў няма, пазыка, атрыманая ад фірмы Домбі, пакрыта, а ўсе ключы я пасылаю разам з гэтым пакетам. Шуму не падымайце і ніякіх справак аба мне не наводзьце; гэта бескарысна. Больш даручэнняў няма, дарагі Нэд, ад вашага вернага сябра Саламона Джылса». — Капітан глыбока ўздыхнуў, а пасля прачытаў наступныя словы, прыпісаныя ўнізе: — Хлопчык Роб, як я вам казаў, добра рэкамендаваны фірмай Домбі. Калі-б усё астатняе пайшло з малатка, паклапаціцеся, Нэд, аб маленькім Мічмане».

Спэчатку капітан быў вельмі ўзрушаны і расхваляваны, каб думаць аб чым-бы там ні было, апрача самога пісьма.

253