была паціснуць яго мазолістую руку і падзякаваць за дабрату да няшчаснага стварэння, на якое ён глядзеў іншымі вачыма, чым усе астатнія.
— Хто-ж, калі не я, папесціў-бы маю няшчасную дзяўчынку, калі ўжо называць гэта пешчаннем?
— Гэта так, — усклікнуў сусед. — Але не трэба хапаць праз меру, Джон! А вы што робіце? Вы забіраеце ад сябе, каб аддаць ёй. З-за яе вы звязваеце сябе па руках і па нагах. Вы церпіце галечу праз яе. А ёй якая да гэтага справа? Ці не думаеце вы, што яна гэта разумее?
Бацька зноў падняў галаву і свіснуў ёй. Марта адказала тым-жа нецярплівым торганнем вузкіх плячэй, а ён быў шчаслівы і задаволены.
— Толькі дзеля гэтага, міс, — сказаў сусед з усмешкай, у якой было больш затоенай сімпатыі, чым у яго словах, — толькі дзеля таго, каб бачыць гэта, ён ніколі не адпускае яе ад сябе.
— Таму што прыдзе дзень, і ён ужо набліжаецца, — заўважыў той, нізка схіляючыся над сваёй работай, — калі нават для таго, каб убачыць, як у майго няшчаснага дзіцяці дрыжыць палец або развяваюцца валасы, давялося-б уваскрашаць мёртвую.
Фларэнс паціхеньку паклала каля яго грошы на старую лодку і пайшла ад іх.
Бацька і яго хворая дачка яшчэ моцна трымаліся ў памяці Фларэнс, калі, прыкладна праз тыдзень пасля сустрэчы, сэр Барнет і яго жонка задумалі неяк удзень прагуляцца па прасёлачных дарогах і прапанавалі Фларэнс пайсці з імі. З прычыны таго, што Фларэнс ахвотна згадзілася, лэдзі Скетлс, зразумела, выгнала на прагулку юнага Барнета, бо нічым так не зачароўвалася лэдзі Скетлс, як сузіраннем старэйшага яе сына, які павольна ішоў пад руку з Фларэнс.
Калі сказаць праўду, Барнет, здавалася, прытрымліваўся процілеглага пункту гледжання і ў такіх выпадках часта выказваў сваю думку ўголас — між іншым, няпэўна, — намякаючы на «нейкіх дзяўчушак». Але з прычыны таго, што нялёгка было збянтэжыць ціхі нораў Фларэнс, звычайна яна праз некалькі хвілін прымірала юнага джэнтльмена з яго лёсам, яны па-сяброўску прадаўжалі прагулку, а лэдзі Скетлс і сэр Барнет ішлі за імі, вельмі задаволеныя.
У такім парадку паважна ішлі яны ў той дзень; Фларэнс амаль удалося заглушыць нараканні Скетлса-малодшага на яго долю, калі міма праехаў джэнтльмен конна, паглядзеў на іх пільна, пасля спыніў каня, павярнуў яго і паехаў ім насустрач, трымаючы ў руцэ капялюш.
Джэнтльмен з асаблівай увагай паглядзеў на Фларэнс; калі-ж ён вярнуўся і маленькая кампанія спынілася, ён пакланіўся ёй, а пасля ўжо вітаў сэра Барнета і яго жонку. Фларэнс не магла