Кветкі, якія Фларэнс прыціскала да грудзей, пачалі падаць на зямлю, калі яна пачула гэтыя словы, сказаныя з такім здзіўленнем. Яна мацней прыціснула іх, і твар яе схіліўся да іх.
— Кейт, — сказала лэдзі зноў пасля кароткага маўчання, — я вам усё раскажу пра Фларэнс так, як сама чула; думаю, што гэта праўда. Але нікому не кажыце, дарагая мая, таму што тут, магчыма, гэтага не ведаюць, а вашы размовы нарабілі-б ёй болю ў сэрцы.
— Я нікому не скажу, — усклікнула дзяўчынка.
— Ведаю, што не скажаце, — адазвалася лэдзі. — Вам я магу давяраць, як самой сабе. Дык-вось, Кейт, я баюся, што бацька Фларэнс мала яе любіць, вельмі рэдка бачыць яе, ніколі не бываў з ёю ласкавым, а цяпер нават цураецца яе. Яна пяшчотна любіла-б яго, калі-б ён ёй дазволіў, але ён гэтага не хоча, хоць яна ні ў чым не вінна; і ўсе добрыя людзі павінны моцна любіць яе і шкадаваць.
Яшчэ некалькі кветак, якія трымала Фларэнс, упалі на зямлю; тыя, што асталіся ў яе, былі вільготныя, але не ад расы; і галава яе апусцілася на рукі, якія трымалі гэтыя кветкі.
— Небарака Фларэнс! Мілая, слаўная Фларэнс! — усклікнула дзяўчынка.
— Вы разумееце, дзеля чаго я вам расказала пра гэта, Кейт? — запыталася лэдзі.
— Для таго, каб я была вельмі добрай да яе і пастаралася ёй спадабацца. Для гэтага, праўда, цёця?
— Часткова, — сказала лэдзі, — але гэта не ўсё. Хоць мы бачым, што яна вясёлая, ветліва ўсміхаецца кожнаму, гатова ўслужыць усім нам і ўдзельнічае ва ўсіх забавах, бадай ці можа яна быць зусім шчаслівай. Як вы думаеце, Кейт?
— Мне здаецца, не можа, — адказала дзяўчынка.
— І вы разумееце, — прадаўжала лэдзі, — чаму калі яна бачыць дзяцей, у якіх ёсць бацькі, якія іх любяць і ганарацца імі, — а такіх тут цяпер шмат, — яна ўпотайку сумуе?
— Так, любая цёця, — сказала дзяўчынка, — я гэта вельмі добра разумею. Небарака Фларэнс!
Зноў пасыпаліся на зямлю кветкі, а тыя, што яна прыціскала да грудзей, трапяталі, нібы ад зімовага ветру.
— Мая Кейт, — сказала лэдзі голасам сур'ёзным, але вельмі спакойным і ласкавым, які з першай-жа секунды зрабіў такое моцнае ўражанне на Фларэнс, — з усіх дзяцей, што тут жывуць, вы для яе самая падыходзячая сяброўка, якая не зробіць ёй зла, вы не будзеце паміма сваёй волі, як гэта робяць больш шчаслівыя дзеці…
— Няма нікога шчаслівейшага за мяне, цёця! — усклікнула дзяўчынка і, як відаць, прытулілася да яе. — З вамі, цёця, я ніколі не была пазбаўлена бацькаўскай любові.