бодна, Фларэнс спрабавала разгадаць іх тайну; спрабавала даведацца, чаго нехапае ёй; якое простае ўмельства вядома ім і невядома ёй; як пераняць у іх уменне паказаць бацьку, што яна яго любіць, і заваяваць яго любоў.
Неўзабаве пасля Фларэнс прыехала ў ліку іншых гасцей прыгожанькая дзяўчынка, гады на тры-чатыры маладзейшая за яе, сірата, у суправаджэнні цёткі, сівой лэдзі, якая часта размаўляла з Фларэнс, вельмі любіла (між іншым і ўсе гэта любілі) слухаць вечарамі яе спевы і ў такіх выпадках заўсёды садзілася з матчыным пачуццём бліжэй да яе. Яны прыехалі за два дні да той спякотнай раніцы, калі Фларэнс сядзела ў альтанцы ў садзе, задумліва паглядаючы праз лісцё на групу дзяцей на лужку, пляла вянок на галоўку адной з гэтых малютак, агульнай любіміцы і балаўніцы, і пачула, як гэта лэдзі і яе пляменніца размаўляюць пра яе, прагульваючыся ў цяністай алеі каля альтанкі.
— Цёця, Фларэнс сірата, як і я? — запыталася дзяўчынка.
— Не, любачка. У яе няма маці, але бацька жыў.
— Цяпер яна носіць траур па сваёй няшчаснай маме? — жвава запыталася дзяўчынка.
— Не, па адзіным брату.
— Больш у яе няма братоў?
— Няма.
— І сясцёр няма?
— Няма.
— Мне яе вельмі, вельмі шкада! — сказала дзяўчынка пасля паузы.
З тае прычыны, што неўзабаве пасля гэтага яны змоўклі і спыніліся паглядзець на лодкі, Фларэнс, якая, пачуўшы сваё імя, устала, сабрала кветкі і хацела ісці ім насустрач, каб яны ведалі аб яе прысутнасці, зноў села і ўзялася за работу, думаючы, што больш нічога не пачуе; але праз секунду размова аднавілася.
— У гэтым доме ўсе любяць Фларэнс, і, вядома, яна гэтага заслугоўвае, — з запалам сказала дзяўчынка. — Дзе яе тата?
Цётка пасля кароткага маўчання адказала, што не ведае. Тон яе спыніў Фларэнс, якая зноў устала, і перашкодзіў ёй скрануцца з месца; свой вянок яна хуценька прыціснула да грудзей і абодвума рукамі трымала кветкі, каб яны не рассыпаліся па зямлі.
— Ён у Англіі, цёця? — запыталася дзяўчынка.
— Здаецца. Так, так, ён у Англіі.
— Ён быў калі-небудзь тут?
— Наўрад. Не.
— Ён прыедзе сюды пабачыцца з ёю?
— Наўрад.
— Цёця, ён кульгавы, сляпы ці хворы? — запыталася дзяўчынка.