Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/236

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Лепш позна, чым ніколі, — любая міс Фларэнс, — сказала С'юзен, — і, на маю думку, нават візіт да гэтых старых Скетлсаў будзе найвялікшым шчасцем.

— Вельмі міла з боку сэра Барнета і лэдзі Скетлс, С'юзен, — адазвалася Фларэнс, мякка папраўляючы фамільярнасць гэтай маладой лэдзі ў адносінах да памянёнай сям'і, — з такой прыязнасцю аднавіць запрашэнне.

Міс Ніпер, якая ўносіла свае стараннасці ва ўсе справы, вялікія і малыя, і заўсёды аб'яўляла вайну грамадству, падціснула губы і паківала галавой, нібы выказваючы пратэст супроць бескарыслівасці Скетлсаў і гатоўнасць даказаць на судзе, што за сваю прыязнасць яны будуць шчодра ўзнагароджаны прысутнасцю Фларэнс.

— Яны то ўжо ведаюць, што робяць! — прамармытала міс Ніпер, уцягваючы ў сябе паветра. — Можаце не сумнявацца ў Скетлсах!

— Прызнаюся, С'юзен, мне не вельмі хочацца ехаць у Фаулем, — задумліва сказала Фларэнс, — але больш правільна было-б з'ездзіць. Бадай, так будзе лепш.

— Значна лепш, — уставіла С'юзен, зноў красамоўна кіўнуўшы галавой.

— І хоць, — прадаўжала Фларэнс, — я палічыла-б за лепшае паехаць, калі там нікога няма, а не цяпер, у часе вакацый, калі ў доме гасціць моладзь, усё-такі я з удзячнасцю прыняла запрашэнне.

— А я скажу на гэта, міс Флой: весяліцеся! — адказвала С'юзен.

— Як доўга няма ніякіх вестак аб Уолтэры, С'юзен! — памаўчаўшы, заўважыла Фларэнс.

— Доўга, міс Флой! — адазвалася яе служанка. — А Перч сказаў, калі толькі што прыходзіў сюды па пісьмы… але якое значэнне мае, што ён гаворыць! — усклікнула С'юзен, пачырванеўшы і запнуўшыся. — Многа ён ведае!

Фларэнс хутка падняла вочы, і румянец заліў яе твар.

— Калі ў мяне, — сказала С'юзен Ніпер, яўна перамагаючы нейкі таемны неспакой і трывогу, пазіраючы ва ўпор на сваю маладую гаспадыню і ў той-жа час стараючыся распаліць у сябе гнеў пры ўспаміне пра бяскрыўднага містэра Перча, — калі ў мяне не больш мужнасці, чым у гэтага з дурнейшых мужчын, я гатова ў далейшым ніколі не ганарыцца сваімі валасамі, закласці іх за вушы і насіць просты чапец без усякіх складак, пакуль смерць не вызваліць мяне ад маёй нікчэмнасці. Я-ж, можа, не амазонка[1], міс Флой, і не хацела-б сябе так калечыць, але ва ўсякім выпадку, спадзяюся, я не з тых, каго ахапляе роспач.


  1. Амазонкі (грэч. міф.) — (бязгрудыя) ваяўнічае племя жанчын, якія быццам-бы насялялі Скіфію. Згодна легендзе, яны адрэзалі сабе правыя грудзі, каб з большым майстэрствам уладаць лукам.

232