Гаргоне, вырашылі ператварыць яе маладосць і прыгажосць у камень.
Але Фларэнс тут квітнела. Кнігі, музыка і настаўнікі, якія прыходзілі штодзённа, былі адзінай яе кампаніяй, калі не лічыць С'юзен Ніпер і Дыагена, з якіх першая, прысутнічаючы на лекцыях сваёй маладой гаспадыні, сама рабілася не на жарты вучонай, а другі, паддаўшыся, магчыма, таму-ж змякчаючаму ўздзеянню, клаў галаву на выступ падаконніка і ўлетку раніцой бесклапотна глядзеў на вуліцу, то адплюшчваючы, то заплюшчваючы вочы; іншы раз навастраў вушы, кідаючы многазначны позірк якому-небудзь неспакойнаму сабаку, які быў запрэжан у цялежку і брахаў ўсю дарогу, а іншы раз, ахоплены гнеўным і бессвядомым успамінам пра мяркуемага свайго ворага недзе па суседству, кідаўся да дзвярэй, адкуль, пасля шумнай валтузні, трушком варочаўся назад з уласцівым яму забаўным добрадушшам і зноў клаў морду на выступ падаконніка з выглядам сабакі, які зрабіў паслугу грамадству.
Так жыла Фларэнс у сваім пустэльным доме, аддаючыся нявінным заняткам і думкам, і нішто не парушала яе спакою.
Але была адна думка, бадай ці ясная для яе самой, але палкая і ўпартая, якая падтрымлівала Фларэнс у яе намаганнях і ўмацоўвала пастаянствам мэты яе адданае юнае сэрца, якое падвяргалася такім жорсткім выпрабаванням.
Бацька не ведаў — з таго часу яна пераканала сябе ў гэтым, — як моцна яна яго любіць. Яна была вельмі маладая, у яе не было маці, і яна, або па сваёй віне, або па віне выпадку, да гэтага часу не ведала, як яму адкрыць, што яна яго любіць. Яна будзе цярплівай, пастараецца аўладаць з часам гэтым умельствам і дасягнуць таго, каб ён лепш уведаў сваё адзінае дзіця.
Гэта зрабілася мэтай яе жыцця. Ранішняе сонца асвятляла паблякшы дом і сустракала ў душы яго адзінокай гаспадыні гэтае рашэнне па-ранейшаму яркім і свежым. Такое рашэнне натхняла яе ва ўсіх штодзённых занятках, бо Фларэнс спадзявалася, што чым больш ведаў яна набудзе і чым больш удасканаліцца, тым прыемней будзе бацьку. Калі-ні-калі, са смуткам і са слязмі, яна сумнявалася ў тым, ці мае яна хоць у чым-небудзь поспех настолькі, каб здзівіць яго, калі яны зробяцца сябрамі. Іншы раз яна старалася адгадаць, ці няма такой галіны ведаў, якая можа яго зацікавіць больш, чым іншыя. І заўсёды, седзячы за кнігамі, нотамі, рукадзеллем, у часе ранішніх прагулак, яна бачыла перад сабою сваю ўсёпаглынаючую мэту. Дзіўны занятак для дзіцяці — вывучаць шлях да сэрца жорсткага бацькі.
Неяк раніцою С'юзен Ніпер стаяла перад сваёй маладой гаспадыняй, якая складала і запячатвала напісанае ёю пісьмо, і ўсім сваім выглядам паказвала, што яна ведае і ўхваляе яго змест.