Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/233

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Містэр Каркер прадаўжаў сачыць за пацярпеўшым паражэнне Тутсам, калі Дыагена паклікалі ў дом і захлопнулі дзверы, а містэр Тутс, прытуліўшыся ў бліжэйшым пад'ездзе, абвязваў разарваныя штаны дарагой шаўковай хустачкай, якая з'яўлялася дадаткам да яго раскошнага ўбрання, адзетага дзеля гэтага візіта.

— Прабачце, сэр, — пад'ехаўшы да яго, сказаў містэр Каркер з вельмі ветлівай усмешкай. — Спадзяюся, вы не пацярпелі?

— О, не, дзякую вам, — адказаў містэр Тутс, падняўшы расчырванелы твар, — гэта не мае ніякага значэння.

Містэр Тутс не ад таго быў каб дадаць, калі-б толькі мог, што яму гэта вельмі спадабалася.

— Калі сабака ўсадзіў вам зубы ў нагу, сэр… — пачаў Каркер, паказваючы свае ўласныя зубы.

— Не, дзякую вам, — сказаў містэр Тутс, — усё вельмі добра. Усё ў поўным парадку, дзякую вам.

— Я маю прыемнасць быць знаёмым з містэрам Домбі, — заўважыў Каркер.

— На самай справе? — адазваўся расчырванелы Тутс.

— Можа, вы мне дазволіце ў часе яго адсутнасці, — сказаў містэр Каркер, здымаючы капялюш, — папрасіць прабачэння за гэты непрыемны выпадак і пацікавіцца, якім чынам гэта магло здарыцца.

Містэр Тутс вельмі ўзрадаваны такой пачцівасцю і прыемнай магчымасцю заключыць дружбу з сябрам містэра Домбі, што дастае бумажнік з візітнымі карткамі, пакарыстацца якімі ён не ўпускае выпадку, і падае сваё імя і адрас містэру Каркеру; апошні адказвае на гэту ласку, даючы яму, у сваю чаргу, візітную картку, пасля чаго яны расстаюцца.

Затым містэр Каркер павольна праязджае міма дома, паглядаючы на вокны і стараючыся разгледзець задумлівы твар за фіранкай, які наглядае за дзецьмі ў доме насупраць; калматая галава Дыагена паяўляецца побач з гэтым тварам, і сабака, колькі яго не супакойваюць, брэша і бурчыць і рвецца да містэра Каркера, нібы гатоў кінуцца ўніз і разарваць яго на шматкі.

Малайчына, Ды, неразлучны са сваёй гаспадыняй! Цяўкніце яшчэ і яшчэ разок, задраўшы галаву, пабліскваючы вачыма і гнеўна разяўляючы зяпу, каб схапіць яго! Яшчэ разок, пакуль ён не спяшаючыся праязджае міма! У вас цудоўны нюх, Ды, там кот, дружок, кот!


РАЗДЗЕЛ XXIII

Фларэнс адзінокая, а Мічман загадкавы.

Фларэнс жыла адна ў вялікім панурым доме, і дзень праходзіў за днём, а яна як і раней жыла адна; і голыя сцены паглядалі на яе абыякавым поглядам, нібы яны, прыпадабняю-

229