Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/226

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ну, малы! — сказаў містэр Каркер, апускаючы руку на плячо юнага Тудля і выцягваючы яго на сярэдзіну пакоя. — Вы мяне чулі?

Роб сказаў:

— Так, сэр.

— Калі вы мне сказалі хоць адно хлуслівае слова, — прадаўжаў містэр Каркер, — не трапляйце мне на вочы. Калі-ж не, то можаце пачакаць мяне дзе-небудзь паблізу ад дома сваёй маці. Адсюль я пайду ў пяць гадзін і паеду туды. Цяпер дайце мне адрас.

Роб прадыктаваў яго павольна, і містэр Каркер запісаў. Роб нават паўтарыў яго яшчэ раз, літару за літарай, нібы лічыў, што пропуск якой-небудзь кропкі або рысачкі прывядзе да яго пагібелі. Затым містэр Каркер выправадзіў яго з пакоя, і Роб, да апошняга моманту не зводзячы сваіх круглых вачэй з апекуна, знік з позірку.

Містэр Каркер-загадчык зрабіў на працягу дня вялікае мноства спраў і надарыў сваімі зубамі вялікае мноства людзей. У канторы, у двары, на вуліцы і на біржы зубы паблісквалі і тырчалі пагрозліва.

Падышла шостая гадзіна, а з ёю і гняды конь містэра Каркера, і зубы, пабліскваючы, накіраваліся ў дарогу па Чыпсайду.

Пусціўшы каня паволі і паглядаючы на прахожых, ён раптам сустрэў круглыя вочы коратка астрыжанага Роба, якія ўпіваліся яму ў твар, нібы яны ад яго ні на секунду не адрываліся, у той час як сам хлопчык, падперазаўшыся туга скручанай насавой хустачкай, якая нагадвала плямістага вугра, усім сваім выглядам сведчыў аб тым, што гатоў ісці за містэрам Каркерам, якую-б хуткасць той не развіў.

З тае прычыны, што гэта ўвага, хоць і прывабная, была незвычайная і прыцягвала зацікаўленасць прахожых, містэр Каркер скарыстаў менш запружаную і больш чыстую дарогу і пусціў каня трушком. Роб перайшоў адразу-ж на трушок. Неўзабаве містэр Каркер папрабаваў лёгкі галоп, пасля поўны галоп. Роб па-ранейшаму не адставаў. Калі-б містэр Каркер ні паварочваўся ў той бок вуліцы, дзе бег малодшы Тудль, ён заўсёды бачыў, як той спраўляўся за ім, як відаць, без асаблівай цяжкасці і працаваў локцямі, пераймаючы пахвальны прыём джэнтльменаў-прафесіяналаў, якія спаборнічаюць у бегу пад заклад.

Гэта недарэчнае праследванне сведчыла, аднак, аб уплыве, якому падпарадкаваўся хлопчык, а таму містэр Каркер, робячы выгляд, нібы яго не заўважае, прадаўжаў шлях да дома містэра Тудля. Тут ён стрымаў каня і пусціў шагам, а Роб забег наперад, паказваючы, куды трэба зварачваць; калі-ж ён паклікаў чалавека, які стаяў ля варот, каб той панаглядаў каня ў часе яго наведвання аднаго з будынкаў, пабудаваных на месцы

222