Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/214

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вах. Запэўняю вас, містэр Домбі, Прырода прызначыла мяне для жыцця ў Аркадзіі[1]. У кампаніі я адчуваю сябе дрэнна. Каровы — мая страсць. Заўсёды я марыла толькі аб тым, каб пасяліцца на ферме ў Швейцарыі і жыць акружанай толькі каровамі… і фарфарам.

Гэта забаўнае супастаўленне, якое прымушала ўспомніць аб праслаўленым быку, які выпадкова трапіў у пасудную краму, было прынята з поўнай сур'ёзнасцю містэрам Домбі, які заявіў, што, на яго думку, Прырода, бясспрэчна, зусім рэспектабельнае ўстанаўленне.

— Чаго мне нехапае, — прамовіла місіс Ск'ютон, пашчыпваючы сваю маршчыністую шыю, — гэта… сэрца. Мы проста жах як штучны. Прырода мне патрэбна ўсюды. Гэта было-б так чароўна.

— Цяпер Прырода запрашае нас ісці далей, мама, калі вы згодны, — сказала маладая лэдзі, пагардліва скрывіўшы прыгожыя губы.

Пачуўшы гэты намёк, змучаны паж, які аглядаў кампанію з-за спінкі крэсла, схаваўся за ім, нібы яго праглынула зямля.

— Пачакайце хвілінку, Уітэрс, — сказала місіс Ск'ютон, калі крэсла рушыла ўперад. — Дзе вы спыніліся, жахлівае стварэнне?

Маёр спыніўся ў гатэлі Райял разам са сваім сябрам Домбі.

— Можаце наведаць нас вечарком, калі справіцеся, — прасюсюкала місіс Ск'ютон. — Калі містэр Домбі зробіць нам гэту ласку, мы будзем вельмі абрадаваны, Уітэрс, уперад!

Маёр зноў паднёс да сваіх сініх губ кончыкі пальцаў, якія ляжалі на барту крэсла з беражлівай неахайнасцю (так як у Клеапатры), а містэр Домбі пакланіўся. Старэйшая лэдзі ўдастоіла абодвух вельмі міласцівай усмешкай і дзявоцкага памахвання рукой; малодшая лэдзі — тым ледзь прыкметным кіўком, якога патрабавала простая далікатнасць.

— Вось што я вам скажу, сэр, — пачаў маёр, калі яны прадаўжалі прагулку, — каб Джо Бегсток быў маладзейшым, няма на свеце жанчыны, якая лепш за гэту змагла-б выканаць ролю місіс Бегсток. Чорт пабяры, сэр, — сказаў маёр, — яна цудоўная!

— Вы маеце на ўвазе дачку? — запытаўся містэр Домбі.

— Хіба Джой Б. — бручка, Домбі, — сказаў маёр, — каб мець на ўвазе матку?

— Вы гаварылі кампліменты матцы, — запярэчыў містэр Домбі.

— Старое полымя, сэр, — хіхікнуў маёр Бегсток. — Вельмі старое. Ёй гэта прыемна.

— Мне яна здаецца зусім благароднай асобай, — сказаў містэр Домбі.

— Благароднай, сэр! — паўтарыў маёр, спыняючыся і выпучваючы вочы на свайго спадарожніка. — Шаноўная місіс Ск'ютон,


  1. Аркадзія — гарыстая краіна ў Марэі (Грэцыя); жыхары яе — пастухі і паляўнічыя — праслаўляліся ў старажытнасці сваім простым і маральным жыццём; адсюль іншасказ: Аркадзія — краіна міру, шчасця і спакою.

210